Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» пачаў збор подпісаў за перайменаванне праспекта Дзяржынскага ў праспект Адама Станкевіча.
Адам Станкевіч — вядомы каталіцкі святар, адзін з заснавальнікаў беларускамоўнай Каталіцкай Царквы і Таварыства беларускай школы, лідэр «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі».
Жыццё гэтага грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка, публіцыста і літаратуразнаўцы скончылася трагічна: яго замучылі ў ГУЛАГу.
Адам Станкевіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў Ашмянскім павеце — цяпер гэта Смаргонскі раён. Ужо падчас вучобы ў Петраградзе малады святар стаў старшынёй беларускага кола і адным з заснавальнікаў і лідэраў «Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці», якая пазней атрымала назву «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». У 1917 г. адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў, за што падвяргаўся ганенням з боку польскіх касцёльных уладаў. З 1919 г. выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі, быў рэдактарам газеты «Крыніца».
У 1944 г. кс. Адам быў упершыню арыштаваны савецкімі органамі НКУС і неўзабаве адпушчаны, а ў 1949 годзе арыштаваны другі раз, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу ў Іркуцкай вобласці Расіі, дзе памёр у канцы 1949 году.
