У касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску 19 снежня сустрэліся катэхеты Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Разам былі прысутныя студэнты і выкладчыкі «Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля».
На пачатку сястра Часлава Навіцкая USJK, старшыня катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прывітала ўсіх, хто прыехаў на спатканне.
Пасля адбылася канферэнцыя, якую прамовіў да катэхетаў кс. Дзмітрый Пухальскі. Святар заклікаў катэхетаў затрымацца і пастарацца больш глыбока і духоўна перажыць надыходзячыя святы . У прамове была адзначана важнасць малітвы як асабістай сувязі з Хрыстом. Ксёндз заахвочваў катэхетаў не толькі вучыць Божаму слову, але і жыць Божым словам, чытаць штодня Евангелле, спатыкацца з жывым Езусам у адарацыі Найсвяцейшага сакраманту, весці сакрамантальнае жыццё, рабіць штодзённы рахунак сумлення.
Пазней адбылася малітва перад Найсвяцейшым сакрамантам. Усе жадаючыя мелі магчымасць паспавядацца.
Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Іерарх асабліва заклікаў катэхетаў і студэнтаў дапамагчы духоўна бедным асобам пазнаць Бога і праўду Евангелля, заахвочваў не сумнявацца ў Божай моцы і давяраць Богу.
Студэнты каледжа падрыхтавалі каляднае прадстаўленне. Далей адбылася малітва і дзяленне аплаткам, на якім кожны мог падыйсці і скласьці пажаданні. Быў падрыхтаваны стол з пачастункамі, пры якім прысутныя з радасцю працягнулі святочную сустрэчу.
Ірына Грэйць
