У любові страху няма. У Росіцы адбыліся ўрачыстасці ў гонар бласлаўлёных айцоў марыянаў

Ранкам 31 ліпеня ў невялікае мястэчка Друя абудзілася ад гучных спеваў і вясёлых усмешак маладых людзей. Гэта пілігрымы вырушылі ў шлях да Росіцы, каб праз тры дні, пераадольваючы дождж, спёку, мазалі і іншыя цяжкасці прыйсці да велічнага храму. Туды, дзе ў далёкім 1943 годзе вялікая трагедыя пераўтварылася ў прыклад вялікай любові і трыўмфу веры праз постаці бласлаўлёных айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.

Айцы марыяне былі з пілігрымамі і сёння. Традыцыйна кіраўніком пілігрымкі быў айцец Ілля Саўчанка МІС, а разам з ім крочылі сабраты Канстанцін Анашка, Павел Федаровіч, Яўген Мельнік і сёстры эўхарысткі Наталля Арлянковіч і Лілія Дарожка.

Цікава, што Імшу на пачатак пілігрымкі ўзначаліў айцец Міхаіл Цвячкоўскі МІС, які быў кіраўніком самых першых пілігрымак з Друі ў Росіцу ў далёкіх 2000 гадах.

Напрацягу трох дзён пілігрымы разважалі пра прарокаў: хто гэта такія, якая была іх місія, што сказана пра прарокаў у Святым Пісанні і ці патрэбныя яны ў сучасным свеце.

Пілігрымка завяршылася другога жніўня ля прыступак Росіцкага касцёла, дзе ўсіх сустрэў кусташ санктуарыя айцец Аляксандр Жарнасек МІС і айцец Чэслаў Курэчка МІС.

Імшу для пілігрымаў узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падчас гаміліі айцец Ілля Саўчанка разважаў на тэму важнасці супольнасці і сілу малітвы.

Пасля Імшы ўсіх гасцінна запрасілі на вячэру, падрыхтаваную мясцовымі жыхарамі.

Падсілкаваўшыся фізічна, прысутныя зноў сабраліся ў касцёле, каб памаліцца Акафіст да росіцкіх мучанікаў, які пад кіраўніцтвам Апостальскага адміністратара архімандрыта Сяргея Гаека маліліся вернікі ўсходняга абраду.

Малітву працягнула ружанцовае набажэнства. Затым айцец Аляксандр Шамрыцкі прамовіў канферэнцыю.

Потым распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, пад кіраўніцтвам айца Аляксандра Жарнасека адбылася малітва праслаўлення. Святары ў гэты час неслі служэнне ў канфесіяналах, каб усе жадаючыя маглі паяднацца з Панам.

Імшу апоўначы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён прывітаў прысутнага архімандрыта Сяргея Гаека, святароў, канцэкраваных асобаў, а таксама зазначыў, на Імшы прысутны айцец Юзаф Пятушка МІС. Гэта не толькі самы старэйшы святар у Беларусі, але і прыклад вернасці Богу, вытрываласці ў пакліканні. Між іншым, айцец Юзаф прыняў сваю першую Камунію з рук блаславёнага айца Антонія Ляшчэвіча.

Разам з а. Юзафам МІС

Падчас гаміліі біскуп Алег засяродзіўся на тым, як неабходна ў сучасным свеце ўмацоўвацца ў веры.

“Кожны павінен усведамляць, наколькі вялікай трагедыяй з’яўляецца адсутнасць веры. Адсутнасць веры прыводзіць да жорсткасці і нянавісці. Гэтыя жорсткасць і нянавісць нараджаюцца і ўзрастаюць ў людскіх сэрцах, потым у сем’ях, грамадстве, свеце”.

“Па прыкладу блаславёных мучанікаў з Росіцы ўсе мы павінны ўмацоўвацца ў веры, а таксама прасіць аб моцнай веры не толькі для сябе, але і для тых, хто побач”, – зазначыў іерарх.

Кульмінацыяй урачыстасцяў стала працэсія на месца мучаніцкай смерці бласлаўлёных айцоў марыянаў і людзей, якія разам з імі згарэлі ў агні.

 

Там, схіляючы калені перад вялікім крыжом, кожны прысутны складаў свае інтэнцыі праз заступніцтва тых, хто аддаў жыццё за веру і бліжняга.

Пасля працэсіі адбыўся традыцыйны Росіцкі Крыжовы шлях, разважанні да якога штогод рыхтуе спадарыня Ірына Жарнасек.

Урачыстасці завяршыліся ранішняй Імшой а 10 гадзіне.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, Надзея Цяліца, фота

для друку для друку