Фэст з нагоды Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшоў тут у сераду 15 жніўня. Гэта свята парафіяне называюць яшчэ спажой.
Галоўная славутасць вёскі ў тым, што пабудавана яна ў 1896 г. з мясцовага бутавага каменю на падмурку храма, закладзенага ў 1826 г. па фундацыі Францішка Пашкевіча. Заканчэнне будаўніцтва фінансавалі граф Віктар Старжынскі з жонкай Марыяй (з Беніслаўскіх) і Аляксандр Хамінскі з жонкай Эвелінай.
Касцёл у Канстанцінаве мае тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Зараз там працуе ксёндз Алег Мурзіч, які з’яўляецца пробашчам парафіі, якая налічвае зараз каля 400 вернікаў. На жаль з кожным годам колькасць парафіян змяншаецца, але кс. Алег не губляе надзею на тое, што калі-небудзь гэтыя лічбы будуць расці.
На ўрачыстасць прыбылі таксама кс. Антоні Казлоўскі, пробашч парафіі св. Юды Тадэвуша ў Вішневе, што каля Смаргоні, і а. Бэрнард Радзік OCD, пробашч парафіі св. Андрэя Апостала ў в. Нарач Мядзельскага дэканата.
Святую Імшу ўзначаліў кс. Антоні, які ў сваім слове да вернікаў адзначыў важнасць гэтага свята, а таксама распавёў пра традыцыю асвячэння ў гэты дзень садавіны і гародніны.
Напрыканцы богаслужэння кс. Алег асвяціў дары, якія прынеслі вернікі ў Божы храм. Пасля адбылася працэсія вакол касцёла, гэтаму паспрыяла добрае надвор’е. Прыгажоць касцёла пры захадзе сонца і спевы на славу Хрыста і Маці Божай падкрэслівалі асаблівую ўрачыстасць гэтага свята, на якім кожны вернік мог атрымаць поўны адпуст.
На заканчэнне айцец Бэрнард удзяліў Божае бласлаўленне для ўсіх прысутных у касцёле, а ксёндз Алег падзякаваў усім вернікам, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы свята, а таксама ўручыў малітоўнікі тым, хто рыхтаваў выставу.
«Выстава парафіяльных умельцаў» размясцілася на плябаніі. На ёй можна было ўбачыць малюнкі, вышыванкі крыжыкам, працы па дрэву і іншыя рэчы. Усё гэта чарговы раз даказвае, што «кожны талент ад Бога».
Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець тут>>
Леанід Юрык, тэкст і фота
