«Парафіяльны цэнтр «Карытас» — гэта не пункт раздачы, дзе толькі штосьці выдаюць, але гэта і пункт прыёму. Пункт, дзе мы вучымся дапамагаць адзін аднаму», — адзначыў а. Лех Боханэк OFMConv, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы, на Імшы падчас парафіяльнай урачыстасці 29 верасня.
На свята апекуна парафіі, што у «белым касцёле», як кажуць мясцовыя, — святога Міхала Арханёла, адбылося ўрачыстае адкрыццё парафіяльнага цэнтра «Карытас».
Падчас св. Імшы былі прысутныя святары з вакольных парафій, а таксама кс. Аляксандр Фаміных і бр. Андрэй Жылевіч OFM Cap — былы і цяперашні дырэктары «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Ксёндз Аляксандр Фаміных, які прычыніўся да распачацця дзейнасці — «пасеяў» «Карытас» у івянецкай парафіі, асвяціў новае памяшканне.
Цяперашні ж дырэктар архідыяцэзіяльнага «Карытас» брат Андрэй Жылевіч прамовіў да прысутных гамілію, у якой адзначыў, што праз асвячэнне парафіяльнага цэнтра цяпер і івянецкая парафія Св. Міхала Арханёла будзе належыць да арганізацыі, якая нясе любоў.
«»Карытас» нясе дапамогу тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, не мае сродкаў. Зараз у сучасным свеце нам неабавязкова змагацца з мячом — нам трэба змагацца з беднасцю, з патрэбамі, якія мы павінны заўважаць», — адзначыў святар.
І прыгадваючы свята Міхала Арханёла, брат Андрэй Жылевіч дадаў, што менавіта «праз невялікія ўчынкі Міласэрнасці мы таксама з’яўляемся анёламі для іншых».
Як жа выглядае парафіяльны цэнтр «Карытас» у Івянцы?
Парафіяльны цэнтр «Карытас» у Івянцы ўяўляе з сябе досыць вялікае памяшканне, дзе абапал сцен месцяцца акуратныя сцелажы для каробак з адзеннем, абуткам, а пасярэдзіне — металічныя кошыкі з адзеннем.
Штосьці накшталт крамы «сэканд хэнд», толькі з крыху іншай фінансавай палітыкай, а дакладней з палітыкай, імя якой «любоў дзейсная», «любоў, якая служыць», «любоў, якая заўважае», «любоў, якая ахвяруе», «Карытас».
Карацей, прыкладна так падумалася мне, калі я сюды зайшла і пазірала на ўсё зверху, бо ў парафіяльным цэнтры «Карытас» ёсць яшчэ і другі паверх, на які вядзе драўляная лесвіца, са свежавыразаная дрэва, якая яшчэ не згубіла свой лакава-смалісты пах.
Гэтым цэнтрам займаюцца ў парафіі прадстаўнікі трэцяга францішканскага ордэну свецкіх.
Як падзялілася яго настаяцельніца сястра Іна Жылкевіч, у цэнтры «Карытас» будуць дзяжурыць па чарзе.
Трэці францішканскі ордэн свецкіх налічвае ў парафіі 30 асобаў, 24 з якіх яшчэ гатовыя і могуць актыўна паслужыць сваёй працай у парафіялльным жыцці, у тым ліку і пры «Карытас».
У кожнага з прадстаўнікоў ордэна свецкіх свой шлях да Бога, свой шлях да ордэна.
Некаторыя з іх, як, напрыклад, сястра Таццяна Жукава, далучыліся да трэцяга ордэна аж у 1995 годзе, калі ордэн нараджаўся ў так званым «чырвоным касцёле» — парафіі Св. Аляксея.
На сённяшні дзень дзейнасць ордэна сканцэнтравана каля «белага касцёла», а парафіяльны пункт «Карытас» з’яўляецца яшчэ адным відам іхняга служэння ў вялікай францішканскай сям’і.
