У гродзенскай семінарыі распачалі пост рэкалекцыямі

З 18 па 21 лютага для студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі першыя ў сёлетнім Вялікім посце рэкалекцыі. Як паведамляецца з семінарыі, рэкалекцыі дапамаглі больш ясна зразумець слова “пост”.

Рэкалекцыі правёў пробашч мінскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэно а. Пётр Бялевіч ОМІ.

“Дзякуючы яго разважанням супольнасць семінарыі акунулася – нельга выкарыстаць іншага слова – у бяздонне Міласэрнасці Хрыста”, – паведамляюць нам. У сваіх навуках святар падкрэсліў, што кожнаму важна давяраць Хрысту, бо толькі ад Яго – збаўленне.

Акрамя таго, тэмай рэкалекцыйных канферэнцый стала Міласэрнасць Хрыста – было адзначана, што яна прабачае нават найжудаснейшыя грахі, калі чалавек сапраўды становіцца перад Богам у праўдзе і кажа: “Я грэшны, Пане. Аздараві мяне”.

Шмат часу ў межах рэкалекцый адводзілася на малітву і разважанне. Па словах удзельнікаў, рэкалекцыі далі магчымасць змяніць некаторыя шляхі сэрца, глыбей зразумець сэнс Пасхі і больш палюбіць Езуса Хрыста.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

для друку для друку