У Гродне прайшла аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў руху “Маргарытка”

18 студзеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху “Маргарытка”.

У межах сустрэчы ў капліцы семінарыі адбылася святая Імша, якую цэлебраваў рэктар семінарыі і мадэратар руху “Маргарытка” ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Раманоўскі. Гамілію прамовіў куратар першага курса семінарыі кс. Павел Скуба.

Да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Ён адзначыў, што яе правядзенне ў семінарыі мае глыбокі сімвалічны і духоўны сэнс: “У семінарыі вучацца не толькі тэалогіі і філасофіі, але перш за ўсё вучацца аддаваць сваё жыццё Богу і людзям”. “Але ніхто не становіцца добрым святаром сам па сабе. Пакліканне патрабуе малітоўнай падтрымкі ўсяго Касцёла. І менавіта тут мы бачым, наколькі важнай і незаменнай з’яўляецца ваша місія”, – сказаў іерарх удзельнікам руху.

Ён дадаў, што “святарства ў нашы часы – гэта не толькі вялікая годнасць, але і вялікае выпрабаванне”, “сучасны святар жыве ў свеце, які часта не разумее мовы веры, не хоча прымаць патрабаванняў Евангелля, не заўсёды ставіцца да Касцёла з павагай і даверам”. Па словах біскупа, “святар, як кожны чалавек, таксама перажывае стомленасць, унутраныя змаганні”, “мае патрэбу ў падтрымцы, разуменні і – перадусім – у малітве”, “святару, як нікому іншаму, патрэбна нябачная, але моцная падтрымка духоўнага тылу”.

“Мы з вялікай удзячнасцю глядзім на рух “Маргарытка”. Гэта супольнасць свецкіх людзей, якія, усведамляючы шматлікія пагрозы для святарства ў сучасным свеце, пажадалі ўзяць на сябе канкрэтную і пастаянную духоўную адказнасць за святароў”, – сказаў біскуп. Нагадваючы, што кожны канкрэтны ўдзельнік руху ўсё жыццё моліцца ў вызначаны дзень тыдня ў інтэнцыі канкрэтнага святара, іерарх дадаў: “Гэта не прыгожая традыцыя. Гэта шлях вернасці, цярплівасці і любові”.

“Свет часта не разумее, што сапраўдная сіла Касцёла не ў структурах, не ў сродках, не ва ўплывах, а ў малітве. Менавіта малітва ўмацоўвае пакліканні, ратуе ад духоўных падзенняў, дае святло ў хвіліны цемры, вяртае надзею там, дзе чалавечыя сілы ўжо заканчваюцца. Ваша малітва – гэта ціхая, але магутная апора святарства. Часта святар нават не ведае, хто менавіта і калі моліцца за яго, але адчувае, што ідзе не адзін”, – адзначыў біскуп.

Семінарыстам ён сказаў: “Вы бачыце перад сабой людзей, якія моляцца за святароў, а значыць і за вас, будучых святароў. Памятайце: вы ідзяце да святарства не адны – вас суправаджае малітва Касцёла. Шануйце гэтую малітву. Будзьце годнымі гэтага даверу”. Удзельнікам руху біскуп падзякаваў за іх справу, дадаўшы, што “ва ўсёй паўнаце мы ўбачым яе толькі ў вечнасці”, і пажадаў, каб Бог узнагародзіў іх сваёй ласкай, супакоем сэрца і радасцю.

Пасля літургіі ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай і павіншавалі адзін аднаго са святамі. Ксёндз Ян Раманоўскі падзякаваў ім за прысутнасць, а таксама выказаў ад імя ўсяго духавенства дыяцэзіі падзяку за штодзённую малітву.

Grodnensis.by

для друку для друку