У Глыбокім маліліся за выпускнікоў сярэдніх школ

29 мая глыбоцкія адзінаццацікласнікі дзякавалі Богу за гады вучобы ў школе і прасілі аб Божым бласлаўленні на далейшы жыццёвы шлях.

Яшчэ на самым пачатку Літургіі кс. Мікалай Ціхановіч запрасіў выпускнікоў і бацькоў да сакраманту пакаяння, каб змаглі ачысціць свае сэрцы і паяднацца з Госпадам.

Падчас Імшы пробашч парафіі маліўся за выпускнікоў, “каб ішлі дарогай праўды, справядлівасці і любові. Прашу каб кожны адкрыў свой шлях як пакліканне. Важна, каб чалавек любіў тое, што робіць і чаму прысвячае сваё жыццё, каб не размінуўся са сваім пакліканнем і быў шчаслівымі ў гэтым жыцці”.

У гаміліі святар даў настаўленне выпускнікам: «Самае галоўнае, што патрэбна дзецям – гэта падтрымка іх сям’і. Ніколі не губляйце сувязі са сваім домам, за бацькамі, дзядулямі, бабулямі, братамі і сёстрамі. Гэта вельмі важна! Чаму? Пачатак вашага жыцця звязаны кроўна з вашым домам і яго нельга губляць. Вы сустрэнецеся з нянавісцю, агрэсіяй, злом. Трэба быць да гэтага падрыхтаваным. Таму калі есць глыбокая сувязь з сям’ёй, азначае: тое, што я вынес з сям’і, і тое што ёсць у маім сэрцы – яно мяне бароніць, трымае ў праўдзе. Сувязь з домам і сям’ёй трымайце! Любіце Глыбокае, вяртайцеся сюды, тут вы выраслі, тут вашы карані, у гэтым касцёле некаторых з вас хрысцілі».

На заканчэнне Імшы пробашч Мікалай акрапіў святой вадой выпускнікоў, удзяліў бласлаўленне і пажадаў “ад усяго сэрца, каб адкрылі ў сваім сэрцы пакліканне, каб умелі радавацца з вашай прафесіі. Нават калі нешта не атрымаецца, памятайце, ніколі не трэба апускаць рукі. Бог ведае як нас зберагчы ад зла. Умейце давяраць Госпаду! Адкрыў “не тваё” – ёсць іншыя перспектывы, можна змяніць. Але самае галоўнае быць чалавекам! Калі будуць узнікаць цяжкасці – прыходзьце да нас і прасіце аб малітве. Хто, як не мы, будзем вас падтрымліваць. Што б у жыцці не здарылася і якія цяжкасці не сустрэлі, вы можаце прыйсці да святара, адкрыць сваё сэрца і праблемы ў сакраманце споведзі і прасіць мудрай парады і бласлаўлення. Помніце, дзе вас любяць і хвалююцца, каму вы патрэбныя і вельмі блізкія. Гэта родны дом, родны касцёл, родны горад”.

Шчырыя словы ўдзячнасці за малітву, прыклад і выхаванне дзяцей на працягу многіх гадоў бацькі скіравалі да святароў і сясцёр законных.

Марына Сінкевіч

для друку для друку