Падзея адбылася ў суботу 3 лістапада, калі Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць святога Губерта.
Богаслужэнне распачалося ў восем гадзін раніцы з урачыстага ўваходу ў святыню паляўнічых са сваім сцягам пад гукі паляўнічага рога. У храме сабраліся аматары палявання з Шаркаўшчыны, Глыбокага, Браслава і нават з Мінска.
Усіх прысутных у храме прывітаў пробашч парафіі Перамянення Пана ў Германавічах кс. Ян Пугачоў. Ён таксама падзякаваў за падтрымку кс. Валерыю Орсіку з Оршы і кс. Уладзіміру Заянчкоўскаму з Лепеля, якія адмыслова прыехалі на гэту ўрачыстасць. Дарэчы, ксёндз Уладзімір з’яўляецца паляўнічым, а ксёндз Валерый збіраецца ім стаць. Ксёндз Ян папрасіў ксяндза Валерыя ўзначаліць гэту святую Імшу, а ксяндза Уладзіміра прамовіць слова да паляўнічых.
Імша распачалася з гучання паляўнічага рога. На самым пачатку богаслужэння кс. Валерый Орсік асвяціў абраз святога Губерта, які потым будзе змешчаны ў доме паляўнічых Германавіцкай паляўнічай дачы.
Ксёндз Уладзімір прачытаў урывак з Кнігі Роду, дзе распавядаецца пра тое, як Бог ствараў гэты свет. Як вынікае з Бібліі, менавіта чалавека Бог зрабіў галоўнай асобай у створаным Ім свеце.
Падчас чытання Бібліі ўсе звярнулі ўвагу на цікавы выпадак: калі святар чытаў урывак пра стварэнне Богам птушак і жывёлаў, у касцёл заляцела птушка.
У сваім слове, якое кс. Уладзімір Заянчкоўскі скіраваў найперш да паляўнічых, святар заклікаў іх берагчы прыроду і адказна да яе ставіцца. Шмат хто з недаверам ставіцца да таго, што некаторыя ксяндзы любяць паляванне і здабываюць жывёлу. Але, як сказана ў Святым Пісанні, Бог стварыў прыроду для чалавека, каб ён кіраваў ёю. Галоўнае, каб улада чалавека над прыродай ажыццяўлялася разумна.
Святар распавёў пра свой удзел у паляўнічых святах у Польшчы і адзначыў, што яму падабаюцца некаторыя польскія паляўнічыя тэрміны:
— Паляўнічая вышка ў іх называецца амбонай. Вельмі прыгожа, што чалавек ідзе на амбону, і гэта гаворыць аб тым, што ён з’яўляецца настаўнікам у лесе, ён з’яўляецца адказным у лесе. Калі ён ужо залез на амбону, на гэту вышку, то павінен думаць і разважаць над тым, што ён робіць.
Ксёндз Уладзімір коратка ўзгадаў гісторыю навяртання св. Губерта, а таксама падкрэсліў важнасць сённяшняй падзеі і выказаў спадзяванне, што гэта стане добрай традыцыяй:
— Хай ён будзе гістарычным днём, калі мы святкуем успамін святога Губерта. І каб святы Губерт намі заўсёды апекаваўся, трэба прасіць яго аб патрэбных ласках, каб не было небяспечных выпадкаў на паляванні.
Святар падкрэсліў, што тут не трэба выпрабоўваць святога, бо калі свядома не выконваць патрабаванняў бяспекі, то святы Губерт нас не абароніць. А напрыканцы ён пажадаў паляўнічым удалага палявання ў новым сезоне.
Перамяненне Святых Дароў на гэтай святой Імшы адбывалася пад гучанне паляўнічага рога.
Напрыканцы Імшы да святароў і ўсіх прысутных звярнуўся вядучы паляўнічазнаўца з Шаркаўшчыны Алег Селях. Ён выказаў падзяку ўсім святарам і ксяндзу Яну Пугачову асабіста за гэту ўрачыстасць, а Пану Богу за магчымасць здабываць звера. Таксама ён адзначыў сімвалічнасць таго, што на абразе са святым Губертам ёсць выява аленя, і 50 аленяў былі выпушчаны зараз на тэрыторыі Германавіцкай паляўнічай дачы.
— Паляўнічым мы кажам ні пуха, ні пяра, а ўсім добрым людзям міру, здароўя і дабра сёння і заўжды, — такімі словамі закончыў свой выступ Алег Селях і ўручыў памятны падарунак ксяндзу Яну.
Закончылася Імша таксама гукамі паляўнічага ражка. Пасля бласлаўлення, якое паляўнічым і ўсім вернікам удзяліў ксёндз Валерый, усе выйшлі на прыступкі храма, каб зрабіць агульны здымак.
А ўжо пасля гэтага ксёндз Уладзімір асвяціў машыны і паляўнічы рыштунак удзельнікаў Імшы. Паляўнічыя ж адправіліся на сваё першае паляванне ў гэтым асенне-зімовым сезоне.
Зміцер Лупач, тэкст, відэа
Леанід Юрык, фота
Больш здымкаў тут
