У Францыі трывае малітва за алімпійцаў — «Святыя гульні-2024»

Касцёл у Францыі імкнецца выкарыстаць Алімпійскія гульні як магчымасць для евангелізацыі — ці, прынамсі, для прадстаўлення хрысціянскага бачання спорту. Адбываецца гэта ў межах праграмы «Holy Games» (Святыя гульні). Да Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Парыжы запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Аніматарамі праграмы будуць дзве тысячы маладых католікаў з усёй Францыі.

Прадугледжана, што будуць малітвы і сведчанні выбітных спартсменаў, сярод якіх нярэдка можна сустрэць людзей глыбокай веры. Не раз сам спорт вёў іх да веры. «Спартсмен, — кажа Ізабэль дэ Шатэлю, дырэктар «Holy Games», — пераўзыходзіць самога сябе і менавіта дзякуючы гэтаму ўсведамляе, што ёсць нешта, што пераўзыходзіць яго і дзякуючы гэтаму ён можа сустрэць Бога».

Зараз праграма «Holy Games» сканцэнтравана на малітве за спартсменаў. «Малітва за спартсмена не азначае маліцца за яго перамогу, але перш за ўсё, каб ён аддаваў сябе цалкам і каб праз гэтыя намаганні ён мог сустрэцца з Тым, хто пераўзыходзіць нас усіх», — дадае Ізабэль.

Малітоўная падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў-2024 была распачата 17 красавіка 2023 г., а ідэя такой дзейнасці ў Касцёле з’явілася яшчэ ў снежні 2020 г.

Дзве тысячы маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў аб’яднаюцца ў Парыжы, каб служыць агульнаму дабру ў малітве і місіі. Як адзначаецца на сайце епіскапату Францыі, праграма «Святыя гульні» з’яўляецца «часткай старажытнай традыцыі грамадства, якая аб’ядноўвае Касцёл, свет спорту і алімпійскі сусвет у прыватнасці».

На Алімпійскіх гульнях у Парыжы чакаецца 20 мільёнаў наведвальнікаў, 15 тысяч спартсменаў і 45 тысяч валанцёраў. Для Парыжа і Францыі ў цэлым гэта «вялікі выклік гасціннасці».

Па матэрыялах Vatican News
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку