Касцёл у Францыі мае сур’ёзную «праблему» з павелічэннем колькасці дарослых, якія просяць аб сакраманце хросту. У мінулым годзе хрысцілася рэкордная колькасць — 7 тысяч дарослых (рост на 30%) і 5 тысяч падлеткаў (рост на 50%). Хоць дадзеных па ўсёй краіне няма, мяркуецца, што сёлета хросту сярод дарослых будзе яшчэ больш.
У Ліёне, напрыклад, летась ахрысцілі 227 дарослых, а сёлета іх будзе амаль 400. Гэты раптоўны наплыў дарослых, якія жадаюць прыняць хрост ці проста жадаюць пазнаць Езуса, стаў сур’ёзным выклікам для Касцёла ў Францыі. Людзі, якія прагнуць веры, павінны быць добра падрыхтаваны да прыняцця сакрамантаў і інтэграваныя ў мясцовую касцёльную супольнасць. Многія з іх патрабуюць індывідуальнага падыходу з улікам іх патрэб.
Каб адказаць на гэты выклік, арцыбіскуп Ліёна і прымас Галіі заклікаў да стварэння ў парафіях невялікіх супольнасцей — не больш за 10 чалавек — якія складаюцца як з катэхуменаў, якія рыхтуюцца да хросту, так і з пастаянных парафіянаў.
Ідэя заключаецца ў тым, каб будучыя католікі былі ўключаны ў жыццё парафіяльнай супольнасці ўжо на этапе падрыхтоўкі да прыняцця сакрамантаў, адзначае арцыбіскуп Аліўе дэ Жэрмэн у інтэрв’ю штотыднёвіку Famille Chrétienne. На думку архіпастыра, паміж асабістым жыццём хрысціяніна і нядзельнай Эўхарыстыяй адсутнічае звяно: гэта супольнасць. Гаворка ідзе пра стварэнне месца, дзе мы выказваем сваю веру сваімі словамі; дзе мы вучымся гаварыць пра тое, кім для нас з’яўляецца Хрыстус і як Ён прысутнічае ў нашым жыцці. «Так мы становімся сведкамі», — кажа Прымас Галіі.
Такі нечаканы наплыў людзей, якія просяць аб сакраманце хросту, з’яўляецца адначасова шокам і магчымасцю для парафіяльных супольнасцей. «Гэта сапраўды дар з неба», — кажа арцыбіскуп дэ Жэрмэн. — «Яны павінны напоўніць нас энтузіязмам. Гэта выдатны час для місій. Ад нас залежыць, ці зможам мы прайсці хвалю місійнага абуджэння, якое адбываецца ў нашым Касцёле».
Як піша Famille Chrétienne, ва ўсёй Францыі ў цяперашні час у падрыхтоўцы дарослых да хросту ўдзельнічаюць 10 тысяч чалавек. Гэта святары, пастаянныя дыяканы і свецкія асобы.
У дыяцэзіі Клермон Франсуаза Праседю адказвае за катэхуменат. Звычайна, кажа яна, у іх было ад 25 да 30 хростаў у год. Летась іх было 74. На гэты Вялікдзень іх будзе больш за 80. У той жа час гэта дзіўна і натхняльна. Франсуаза бачыць у гэтым дзеянне Святога Духа. Большасць катэхуменаў маюць шмат прычын не быць у Касцёле. І калі яны прыйшлі і просяць аб сакраманце хросту, то таму, што былі пакліканы да гэтага.
Франсуаза Праседу падкрэслівае, што людзі, якія суправаджаюць катэхуменаў, якія прагнуць веры, павінны быць да гэтага добра падрыхтаваны. Большасць катэхуменаў не вырасла ў хрысціянскім асяроддзі. Навіны пра хрысціянства яны чэрпаюць з інтэрнэту. Яны задаюць сур’ёзныя пытанні, якія патрабуюць не менш сур’ёзных адказаў.
credo.pro
пераклад Марыны Ткач
