У нядзелю 28 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай будзе адзначацца IV Сусветны дзень бабуль, дзядуляў і пажылых людзей. Сёлета Дзень пажылых людзей пройдзе на тэму: «У старасці не пакідай мяне» (пар. Пс 71 (70), 9).
Урачыстую цэлебрацыю з гэтай нагоды ў будслаўскай базыліцы ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Пачатак а 12-й гадзіне.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел у святкаванні Дня пажылых людзей, які па ініцыятыве Папы Франішка з 2021 года штогод адзначаецца ва ўсім Касцёле ў чацвёртую нядзелю ліпеня, блізка да літургічнага ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса (26 ліпеня).
Апостальская пэнітэнцыярыя ўдзяліяе поўны адпуст з нагоды IV Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей.
Гэты адпуст распаўсюджваецца на ўсіх вернікаў, якія ў духу пакаяння і міласэрнасці 28 ліпеня возьмуць удзел ў набажэнстве, якое Святы Айцец узначаліць у ватыканскай базіліцы святога Пятра, або ў розных мерапрыемствах, якія адбудуцца па ўсім свеце з нагоды Сусветнага дня, у тым ліку ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.
Адпуст можа быць ахвяраваны за душы ў чысцы. Яго ўмовы звычайныя: сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная камунія і малітва ў інтэнцыях Папы Францішка.
Пэнітэнцыярыя таксама ўдзяляе поўны адпуст вернікам, якія ў гэты Дзень прысвецяць адпаведную колькасць часу, каб наведаць пажылых братоў і сясцёр, хворых, самотных, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Поўны адпуст можа быць атрыманы пры адсутнасці прывязанасці да ўсялякага граху і пры намеры як мага хутчэй выканаць яго тры абавязковыя ўмовы хворымі пажылымі людзьмі, тымі, хто ім дапамагае, і ўсімі, хто па сур’ёзнай прычыне не можа выйсці з уласнага дому, калі яны духоўна далучацца да набажэнстваў, што будуць праходзіць з нагоды Сусветнага дня, і ахвяруюць Богу свае малітвы, пакуты і цярпенні, асабліва падчас трансляцый у сродках масавай інфармацыі.
для друку