У Браславе развіталіся з татам біскупа Алега Буткевіча

17 мая ў Браславе адбылося развітанне з Чаславам Буткевічам — бацькам старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча і сясцёр эўхарыстак Алы Буткевіч SJE і Ганны Буткевіч SJE.

Часлаў Буткевіч адышоў у вечнасць 15 мая ва ўзросце 76 гадоў ад пнеўманіі ў Віцебскім абласным шпіталі.

Падтрымаць сям’ю ў жалобе ў Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе сабраліся арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, прэзбітэрый Віцебскага касцёла, святары-аднакурснікі, кансэкраваныя асобы, родныя і сябры.

Цэлебрацыю пахавальнай св. Імшы і абрады пахавання ў касцёле і на могілках ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які адзначыў на самым пачатку, што “не толькі сям’я, але і парафія страціла свайго верніка”.

У гаміліі іерарх нагадаў жыццёвы шлях спачылага. “Св.п. Часлаў нарадзіўся ў далёкім 1945 годзе, 19 сакавіка – ва ўрачыстасць св. Юзафа. Гэта прыкметна, бо і ў Год святога Юзафа Бог яго паклікаў у Сваё Валадарства. Нарадзіўся ў той час, калі на гэту зямлю з глыбокімі хрысціянскімі каранямі і верай людзей прыйшоў атэістычны рэжым, але застаўся верным, верным сваім продкам, і ў гэтай веры выхоўваў сваіх дзяцей. Выхаваў аднаго на святара, які потым стаў біскупам, і дзвюх дачок – сёстрамі эўхарысткамі.

Ён бараніў Касцёл, бараніў правы касцёла, быў чальцом парафіяльнай рады. Стараўся, каб святыня была месцам духоўнага адраджэння чалавека. Быў добрым сем’янінам, добрым суседам, добрым грамадзянінам. І гэтыя справы ідуць за ім. Мы з сабой нічога не возьмем, пераходзячы ў іншае жыццё”, — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Алег падзякаваў усім, хто апошнія часы падтрымліваў яго бацькоў, маліўся разам, тым, хто быў побач з яго маці і сёстрамі ў апошнія гадзіны развітання, а таксама згадаў пра тое, якім чалавекам ён запамятаў свайго тату.

“Ён быў звычайным, але веруючым чалавекам. Асабліва яго вера праявілася тады, калі неспадзявана для бацькоў іх дзеці адчулі пакліканне да Божай службы.

Біскуп Алег распавёў, што тата навучыў яго двум рэчам, якія цяпер памятае з дзяцінства і кіруецца імі:

  1. Ніколі нікому не рабі таго, чаго не хочаш каб рабілі табе.
  2. Калі цябе зачапілі, умей бараніцца, але ніколі не лезь нікуды першым.

“Я на ўсе жыццё зразумеў, як гэта дзейнічае: чым больш дакладна захоўваю першы прынцып, тым менш у жыцці трэба карыстацца другім. Такая простая людская мудрасць. Тое, што бацькі могуць даць сваім дзецям.

Тата быў добрым сем’янінам і пражыў з маці 50 год, у гэтым годзе быў юбілей. І гэта ўжо сведчанне. Тое за што можна яму падзякаваць”, — адзначыў сын спачылага.

Пасля абрадаў развітання ў касцёле пахавальная працэсія накіравалася на могілкі ў вёску Агоні, што непадалёку ад Браслава, дзе на сціплых вясковых могілках, побач са сваімі бацькамі быў пахаваны Часлаў Буткевіч.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
Зміцер Лупач, відэа

для друку для друку