Цэлібат – “за” ці “супраць”?

celibatАгульнавядома, што Папу Францішку журналісты задаюць розныя пытанні. Зусім нядаўна супрацоўнікі СМІ запыталіся ў Папы Рымскага пра будучыню цэлібату* ў Рыма-Каталіцкім Касцёле.

“Цэлібат – гэта не дагмат веры, але правіла жыцця”, – сказаў Францішак. Пантыфік дадаў, што ён асабіста вельмі цэніць цэлібат і лічыць, што гэта з’яўляецца “дарам для Касцёла”. Аднак паколькі цэлібат не з’яўляецца дагматам веры, “дзверы заўсёды адчыненыя”. Францішак нагадаў пра тое, што ў Каталіцкім Касцёле ёсць жанатыя святары – ва ўсходніх абрадах.

Папа Рымскі выказаўся, што гэта адкрытая тэма, над якой варта дыскутаваць. Пазіцыя Пантыфіка адносна цэлібату ясная: яго адмяняць ніхто не збіраецца, але абмяркоўваць гэтае пытанне цалкам можна. Таму «Каталіцкі Веснік» пацікавіўся ў сваіх чытачоў, што яны думаюць на гэты конт.

irena rubinowaІрэна Рубінава:

– Я перакананая, што цэлібат вельмі каштоўная рэч! Нельга яго адмяняць! Гэта свядомы выбар асаблівых людзей, якія вырашылі ісці за Хрыстом праз усё жыццё і стацца як мага болей падобнымі да Яго. Гэта іх свядомая ахвяра – так, цяжкая, вельмі цяжкая. Але гэта запавет іхняе вернасці Богу. Нездарма Бог на чалавечай сэксуальнасці пабудаваў самы прыгожы інстынкт – інстынкт любові, інстынкт мацярынства, бацькоўства. На гэтым інстынкце трымаецца само існаванне чалавецтва. Але… Азірніцеся, якімі дарамі Духа Святога адораныя нашыя святары! Бог не проста бачыць іхнюю ахвяру, Бог з пашанаю яе прымае і ўзнагароджвае стокроць! Кожны святар мае столькі дзяцей, колькі аніводзін чалавек не зможа нарадзіць за усё жыццё.

wiktoryja ramanczukВікторыя Раманчук:

– Я лічу, што адмены цэлібату не павінна быць. Калі б святар меў сям’ю, то не меў бы магчымасці аддаваць свой час дзецям і моладзі, праводзіць розныя мерапрыемствы, паколькі будзе заняты сямейнымі клопатамі. Пры цэлібаце святар мае вялікую супольную сям’ю, сваіх дзяцей, якія могуць праз яго насычаць сваё духоўнае жыццё. Пры сакраманце сужэнства святар будзе знаходзіцца на адной прыступцы са свецкімі людзьмі.

elina czesnouskajaЭліна Часноўская:

– Перадусім мне вельмі цікава, што пра цэлібат думае Пан Бог. Часам, здаецца, знаходжу ў Святым Пісанні словы, якія пацвярджаюць, што цэлібат ёсць чымсьці добрым, цнатлівым, а часам, здаецца, бачу доказы, што Пан Бог не мае нічога супраць таго, каб цэлібату не было. Можа, гэта толькі нейкая традыцыя, якой мы вельмі моцна трымаемся? Не ведаю! Для мяне гэта таямніца. Мне здаецца, што ў праваслаўных добра гэтае пытанне вырашана. Бо ёсць тыя, хто служыць Богу і мае жонку, а ёсць тыя, якія захоўваюць цэлібат – існуе магчымасць выбару. Я лічу, што гэта нядрэнна, калі святар можа мець жонку. Пытанне “ці павінен цэлібат быць ці адмяніць яго?” вельмі далікатнае, калі ўлічваць тое, што на працягу вякоў у Касцёле цэлібат меў месца. Тут патрэбна святло Духа Святога. Але, можа, было б і добра ўзяць прыклад з праваслаўных…

arciom tkaczukАрцём Ткачук:

– Гледзячы з боку практыкі, можна сказаць, што цэлібат, хутчэй, дапамагае, чым перашкаджае святарам. Як і ў кожнай справе, ёсць свае “за” і “супраць”. Але ў цэлым бачна, што калі святар сапраўды стараецца несці Евангелле людзям, то бясшлюбнасць робіцца добрым інструментам службы Богу. Галоўнае – разглядаць гэта як інструмент, а не як самамэту.

maksim radziuszМаксім Радзюш:

–Людзям, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу і служэнню іншым, давялося зрабіць усвядомлены крок – прыняць цэлібат. Маё меркаванне на пытанне аб адмене цэлібату такое: жыццё святароў, законнікаў і законніц патрабуе не толькі малітвы, але і жывых стасункаў з людзьмі, не лічачы штодзённай працы. Для іх добра выконваць сваю асноўную «працу» – гэта прысвяціць ёй сябе цалкам! Сям’я – гэта другі храм, у якім павінна быць ідылія, як і ў асноўным. І ў гэтым выпадку адзін з двух храмаў будзе стаяць на прыступку ніжэй. Можна быць добрым сем’янінам або святаром, а сумяшчаць два ў адным і пры гэтым рабіць усё на 100% – немагчыма!

Каментар Эміліі Байкоўскай з сацсеткі “Аднакласнікі”:

– Я нiколi не пайду у храм, у якiм служыць жанаты ксёндз. Святарства – гэта служэнне i стыль жыцця, а не прафесiя. Чалавек, якi мае дзяцей, заўсёды будзе клапацiцца пра iх у першую чаргу, такiм чалавекам лягчэй манiпуляваць, яму ёсць што траціць у жыццi i яго лягчэй запалохаць. Гэта мы бачым у праваслаўi. Я не змагу даверыцца свецкаму чалавеку, якi проста атрымаў пэўны аб’ём тэалагiчных ведаў i ўсё. У iм няма сакральнасцi, ахвярнасцi. Святар павiнен належыць толькi Богу, храму i вернiкам. Я люблю Святы Каталiцкi Касцёл, люблю i ганаруся яго святарамi, якiя прыносяць у ахвяру Богу ўсё тое, чым так даражаць людзi – сваё асабiстае шчасце, сваiх ненароджаных дзяцей, сваю самотнасць i адзiноцтва ў жыццi. Я апускаюся перад iмi на каленi!!! Я iм веру, я ў iх бачу паслядоўнiкаў Збаўцы!

Каментар Вольгі на сайце catholicnews.by:

– Я понимаю, если тема эта открыта, значит этого хотят сами священники. Нельзя повернуть природу вспять: высушить моря и океаны, заставить погаснуть солнце, убрать звезды с неба и т.д., какие бы нам ни хотелось установить традиции. Также нельзя священнику убить в себе мужчину. Он создан также как и все, и уверена, что испытывает все чувства, присущие мужчинам. И очень несправедливо, что он не может видеть рядом свою любимую, иметь семью, радоваться «плодам любви». Но если такая традиция существует, значит, это кому-то нужно, хотя сомневаюсь, что это нужно самим священникам. Мне кажется, что именно эта традиция «загоняет в угол» некоторых священников, за поведение которых в последние годы пришлось просить прощения высшему духовенству. Это всего лишь мое субъективное мнение. Спасибо за вопрос.

Вынікі апытання на сайце catholicnews.by

Якое Ваша меркаванне наконт цэлібату ў Рыма-Каталіцкім Касцёле?

Павінен застацца для ўсяго духавенства – 39.6%
Трэба цалкам адмяніць (духавенства павінна быць жанатым) – 3.7%
Трэба дазволіць выбіраць цэлібат па жаданни – 55.1%
Іншы адказ (у каментарах) – 1.6%

Усяго галасоў: 187

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі