Сёстры-блізняткі ў габітах і браты-блізняты ў сутанах

Зусім нядаўна мне на вочы трапіў відэаролік з інтэрв’ю з аднымі манахінямі. Здавалася б шмат можна ў інтэрнэце такіх размоў знайсці. Але незвычайнае, што мяне і прыцягнула да манітора паслухаць і паглядзець, было тое, што гэтымі законніцамі былі родныя сёстры і больш таго блізняты.

«Каталіцкі Веснік» вырашыў пашукаць у прасторах вялікай павуціны некалькі такіх цікавых гісторый паклікання.

с. Бэата і с. Віялета

С. Бэата і с. Віялета Колтун – сёстры-блізняткі і манахіні з Кангрэгацыі сясцёр Місіянерак Хрыста Валадара для палякаў за мяжой.

Дзяцінства

Калі Бэаце і Віялеце было 5 год памерла іх маці. Праз два гады бацька ажаніўся зноў. І дзяўчынак былі ўжо дзве маці – адна на зямлі, якая любіла іх як сваіх, другая — ў небе.

Падчас вучобы ў школе дзяўчаты любілі спорт, гулялі ў валейбол і планавалі звязаць з гэтым сваю будучыню.

Будучы ліцэісткамі  яны належалі да аазы. Там і пазнаёміліся з сёстрамі місіянеркамі Хрыста Валадара для палякаў за мяжой. Падчас Вялікага посту разам з сяброўкай пастанавілі сабе тры разы на тыдзень удзельнічаць у св. Імшы. Пастанову вытрымалі. А пасля заканчэння велікапоснага перыяду, пачало ім не хапаць той “пастановы”. Дзяўчыны пачалі штодзённа наведваць святыню, прымаць Святую Камунію – гэта была ўжо патрэба сэрца.

Аднойчы адна старэйшая жанчына-парафіянка падыйшла да дзяўчат і сказала, што яна вельмі цешыцца імі і моліцца, каб яны сталі законніцамі. Сёстры Колтун праігнаравалі тады тыя словы старэйшай жанчыны.

Ішлі гады, сёстры ўдзельнічалі ў розных рэкалекцыях, якія дапамагалі распазнаваць сваё пакліканне, але індывідуальна.

Пакліканне

Аднаго дня, пасля заканчэння ліцэя, калі сяброўка спытала пра далейшы жыццёвы выбар, сёстры Колтан адказалі гучна і разам без дамовы, што … ідзем да закону. Разам і здзівіліся свайму аднолькаваму адказу, але вельмі ўзрадаваліся.

Бацькі былі здзіўлены выбару дачок, але прынялі яго. Пасля маці прызналася, что ўвесь час малілася, каб адзін з яе братоў стаў святаром, але так не сталася, затое дзве дачкі выбралі жыццё кансэкраванае.

Разам па жыцці

Згодна з харызматам кангрэгацыі, сёстры працуюць з палякамі за мяжой. Цяпер гэта Мічыган. Маглі б служыць у розных парафіях, краінах, але маюць такую ласку, што могуць працаваць разам і вельмі ўдзячныя Богу і настаяцельніцы за гэты шанец.

Кажуць, блізняты так падобныя, што і праца ідзе ўдвая хутчэй. Так і з імі. Сілы і ідэі сёстры чэрпаюць з капліцы і адарацыі. І так з падвойнай сілай служаць ужо 30 гадоў.

С. Леанарда (Тэрэса) і с. Марыэта (Ядвіга) Кунішэўскія — сёстры-блізняткі і манахіні з Кангрэгацыі сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

Дзяцінства

13 кастрычніка, у Марыйны дзень, пасля смерці першага і адзінага сына (які пражыў толькі адзін дзень), доўгіх малітваў бацькоў, калі маці мела 45 гадоў, нарадзіліся тры дзяўчынкі: Ядзя, Тэрэска і Марылька. На наступны дзень іх ахрысцілі ў шпітальнай капліцы, бо былі вельмі слабымі. Бацькі перажывалі вельмі вялікую радасць. Праз тры месяцы памерла Марылька.

Падчас вучобы ў школе Тэрэса хацела выправіць адзнаку па геаграфіі, а Ядвіга – “падцягнуць” матэматыку. Вырашылі выкарыстаць сваё падабенства і замяніцца. Усё бы прайшло добра, калі б не зайздрасць аднакласніц, якія расказалі настаўніку праўду. Але матэматык паглядзеў праз вялікія акуляры на клас і пасля вельмі доўгай хвіліны маўчання прамовіў: “Калі ім гэта ўдалося, то няхай так і будзе!”

Сёстры пачалі хадзіць на заняткі катэхезы, якія праводзіў святар. Ён заўсёды прыносіў многа малюнкаў, у так званы “мокры панядзелак” абліваў усіх вадой, на Божае Нараджэнне кожны клас запальваў аганёк на прывезенай ёлцы. У старэйшых класах нам трэба было змяніць школу, якая належала да іншай парафіі. Там святар нам не спадабаўся, бо заўважылі як паліць папяросы цішком. Збунтаваліся і перасталі ўвогуле наведваць заняткі катэхезы.

Пакліканне

С. Леанарда: “Падчас вучобы ў сярэдняй школе першы раз паехалі ў Чэнстахову. Там зрабіла пастанову штодзённа маліцца да Маці Божай словамі Акту Аддання сябе Марыі, бо хацела добра пражыць сваё жыццё. На рэкалекцыях па распазнаванню паклікання ў сясцёр місіянерак у анкеце напісала, што манахіняй ніколі не буду. Але ад таго часу пачаліся мае асабістыя сам-насам спатканні з Панам Богам у касцёле і не толькі.”

Ішлі гады, Тэрэса была перад выбарам: ісці за Езусам у жыцці кансэкраваным, ці стаць вывучаць больш падрабязна польскую мову.

У кангрэгацыю першай аб сваім выбары паведаміла Ядвіга, Тэрэса гэтага не ведала. І ў той жа дзень свой выбар зрабіла і другая блізнятка. Аб пакліканні сёстры не размаўлялі паміж сабой. Кожная мела сваю таямніцу з Езусам.

“Маці хацела іншага для нас. Калі працавалі на полі ўвечары, расказалі маці пра свой выбар, адказ маці запоўніўся нам на ўсё жыццё: “Як Пан Бог мне вас даў, а цяпер хоча мець вас для сябе, то я не магу Яму ў гэтым адмовіць”.”

Разам па жыцці

С. Леанарда на працягу 18 гадоў працавала ў фармацыі законнай у Польшчы, пісала доктарскую працу пра Заснавальніцу кангрэгацыі бл. Баляславу Лямент. С. Марыэта больш 30 год працуе катэхеткай у розных парафіях Плоцкай дыяцэзіі (Польшча).

У 2015 годзе сёстры Кунішэўскія адзначылі 35 гадоў жыцця Кансэкраванага.

кс. Багдан (злева), кс. Вацлаў і кс. Анджэй разам з маці Гэленай

Кс. Вацлаў і кс. Анджэй Бурылы – браты-блізняты і дыяцэзіяльныя святары.

Дзяцінства

21 лістапада 1954 года нарадзіліся Анджэй і Вацлаў. “Я першы з’явіўся на свет, убачыў, што тут добра і даў знак Анджэю,” – жартуе кс. Вацлаў. На наступны дзень нас ахрысцілі, бо былі слабымі. Бацькі вельмі часта маліліся, тата шмат працаваў, а ў вольны час накіроўваў свае крокі да святыні. 10-гадовыя блізняты разам з бацькам працавалі на будове парафіяльнага касцёла.

Пакліканне

Браты-блізняты ніколі не былі міністрантамі, але некалькі разоў прымалі ўдзел у закрытых рэкалекцыях.

Вацлаву яшчэ ў школе казалі, што будзе святаром, але ён на гэта крыўдзіўся. З таго часу піша вершы. Пасля школы пачаў вучобу ў будаўнічым тэхнікуме. Потым вагаўся: педагогіка спецыяльная, польская філалогія ці журналістыка. А ў выніку атрымаў усё разам.

Багдан хацеў стаць паліцыянтам. Сваімі думкамі аб пакліканні да святарства са старэйшымі братамі і бацькамі не дзяліўся.

Спачатку ў семінарыю ў Вроцлаве год за годам паступілі браты-блізняты Вацлаў і Анджэй.

Хлопцаў блыталі падчас вучобы і ў школе і ў семінарыі. Калі было святарскае пасвячэнне Андрэя, віншаванні прымаў Вацлаў.

Маці Гэлена была вельмі шчаслівая і па-чалавечы думала, што малодшы на 10 гадоў Багдан парадуе ўнукамі і будзе даглядаць у старасці. Аднак пакліканне малодшага сына склалася інакш.

Разам па жыцці

Кс. Анджэй мае 38 гадоў святарства, кс. Вацлаў – 37, кс. Багдан – 27, а маці Гэлена мае медаль „Pro Ecclesia et Pontifice” – найвышэйшую касцельную адзнаку для свецкіх.

Падрыхтавала Марына Сінкевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі