Святы Рох — пілігрым, які аздараўляў хворых

Нягледзячы на тое, што пра св. Роха захавалася няшмат дакладных звестак, пачынаючы з XV ст. культ яго як апекуна пры заразных хваробах распаўсюдзіўся ў многіх краінах. У некаторых мясцовас­цях яго залічваюць нават да 14 заступ­нікаў у цяжкіх жыццёвых абставінах.

Рох — з франц. roche («скала») альбо сканд. rokrh («моцны, цвёрды, як скала»). Раней не звярталі ўвагі на дату наро­дзі­наў, большую вартасць надаючы фактам з жыцця святых. Вядома, што жыў гэты святы на пачатку XIV ст. Паходзіў св. Рох з Манпелье — партовага горада ў паўднё­вай Францыі. Яго бацькі былі багатымі і вельмі пабожнымі. Яны доўгі час не мелі дзяцей — свайго адзінага сына, Роха, яны выпрасілі ў Бога пакорнымі малітвамі і праз шчодрую дабрачыннасць.

Паводле легенды св. Рох нарадзіўся са знакам крыжа на грудзях. Ён рана стра­ціў бацькоў і застаўся сіратою. Кіруючы­ся евангельскай парадай: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай бедным, і бу­дзеш мець скарб у небе» (гл. Мц 19, 21), малады Рох раздаў усю сваю маёмасць бедным і, як жабрак, з кіем у руках пілігрымам пайшоў у Рым. Аднак не дайшоў да Вечнага горада, бо ў італьянскім мястэчку Аква­пэндэт яго напаткала эпідэмія чумы, і паколькі святы не мог абыякава прайс­ці каля патрабую­чых, ён застаўся тут. Св. Рох вельмі ахвяр­на апекаваўся хво­рымі чумою. Як узна­гароду за такую са­маахвярнасць дзеля бліжніх Бог адарыў святога дарам азда­раў­ляць хворых на чуму, чынячы над імі знак крыжа. Дзя­куючы гэтаму дару св. Рох стаў вельмі папулярным, яго нават пачалі называць святым. Святога «разрывалі на част­кі» і лі­та­раль­на насілі на руках. Гэта не падаба­лася Ро­ху, таму ён уцёк ад славы ў Рым, дзе навед­ваў хрысціянскія святыні і пра­цяг­ваў апекавацца хворымі і беднымі.

Праз тры гады Рох выбраўся на радзі­му, у Францыю, але па дарозе зноў затры­маў­ся з-за эпідэміі чумы ў П’яцэнзе. На гэты раз св. Рох сам захварэў. Паводле легенды ён не хацеў займаць ложак у шпі­та­лі, таму, знясілены, ляжаў у шалашы за горадам. Сабака прыносіў яму што­дзённа ежу, а калі гаспадар гэтага сабакі знай­шоў хворага ў шалашы, то сам пачаў апе­ка­вацца ім. Калі св. Рох выздаравеў (па­водле некаторых звестак — цудоў­ным чынам, дзякуючы ўмяшальніцтву анё­ла), ён прадоўжыў свой шлях у Францыю, але над Вялікім возерам у Ламбардыі быў арыштаваны памежнымі вартаўніка­мі і зняволены як шпіён. Яго бязлітас­на ка­тавалі падчас допытаў — ніхто не ве­рыў, што Рох з’яўляецца звычайным пілігры­мам. Катаванні і пяць пакутлівых гадоў, праведзеных у халодным падзямеллі, зра­білі сваё — св. Рох цяжка захварэў і памёр. Легенда падае, што ў вязніцы, дзе памёр св. Рох, была знойдзена карт­ка з надпісам: «Той, каго закране зараза і хто будзе пра­сіць паратунку ў св. Роха як у свайго за­ступніка і апекуна, ачуняе».

Толькі пасля смерці справядлівасць узя­ла верх — жыхары роднага горада Ман­пелье забралі цела св. Роха і пахавалі яго ў парафіяльным касцёле. Пазней рэ­лік­віі св. Роха былі перанесены ў Вене­цыю (у 1485 г.), дзе і сёння іх можна бачыць у касцёле, пабудаваным дзеля ўшанавання святога.

Культ св. Роха вельмі хутка распаў­сюдзіўся па ўсёй Еўропе. Досыць частыя эпідэміі, якія збіралі багатае жніво смерці і спусташалі цэлыя вёскі, па­спрыялі развіццю пашаны да св. Роха як апекуна хворых менавіта пры эпідэмі­ях.

У XV ст. паўсталі брацтвы св. Роха ў Ве­нецыі (1477 г.), у Рыме (1499 г.) і ў іншых мясцовасцях. Папа Аляксандр VI пабудаваў у гонар св. Роха касцёл у Рыме, а папа Пій IV выдзеліў сродкі на заснаванне шпіталю, апеку над якім даверыў брацтву св. Роха. Папа Грыгорый ХІІІ загадаў змясціць імя святога ў Рым­скім мартыралогу, а папа Урбан VIII па­цвердзіў гэтае рашэнне.

Усяго ў гонар гэтага святога ва ўсім свеце пабудавана каля 3 000 касцёлаў і капліц. А ў Італіі можна напаткаць больш за 60 населеных пунктаў з назвай S. Roc­co — Св. Рох. У Германіі ж некалі было вель­мі папулярным пілігрымаваць на га­ру Св. Роха пад Бінген, у 1754 г. тут нават было заснавана брацтва св. Роха.

У нашых славянскіх краінах св. Роха шанавалі найперш як апекуна жывёлы. У дзень св. Роха жыхары збіраліся перад касцёлам і прыводзілі хатнюю жывёлу, каб атрымаць благаславенне святара, якое павінна было забяспечыць жывёле зда­роўе. Св. Рох з’яўляецца апекуном пада­рожнікаў, аптэкараў, урачоў, агароднікаў, шпіталяў, вязняў і хатняй жывёлы; апя­куецца таксама хворымі на чуму, хале­ру, шаленства, пры хваробах ног.

На абразах св. Роха звычайна малююць як маладога пілігрыма з падарожнаю кай­с­­траю альбо як жабрака. Часта на абразах прысутнічае сабака з боханам хлеба ў зу­бах, які карміў хворага святога і залізваў яму раны, альбо хворыя на чуму, якіх св. Рох аздараўляе. Яго атрыбутамі з’яўля­юцца анёл, сабака, торба пілігрыма, картка з надпісам.

У народнай традыцыі дзень св. Роха, 16 жніўня, лічыўся пачаткам восені, таму людзі стараліся абмалаціць да гэтага дня ўсё збожжа, каб яно добра захавалася зімой і каб яго хапіла да новага ўраджаю. У гэты дзень вернікі моляцца за ўсіх хво­рых, а таксама просяць святога Роха ахоўваць хатнюю жывёлу.

Літанія да святога Роха

Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа,
— змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, Адзіны Божа,
— змілуйся над намі.

Святая Марыя,
— маліся за нас.
Святая Багародзіца,
Святая Панна над паннамі,
Святы Роху, Хрыста вызнаўца,
Святы Роху, скарбе усяго свету,
Святы Роху, апякуне хворых і паміраючых,
Святы Роху, годны сыне і аздоба французскага краю,
Святы Роху, ласкавы ойча гаротных,
Святы Роху, які мужна пагарджаў усім свецкім,
Святы Роху, нястомны зямны пілігрыме,
Святы Роху, які ў нябеснай хвале прабываеш,
Святы Роху, асаблівы выратавальнік ад маравой пошасці,
Святы Роху, з ласкі Хрыстовай вялікі цудатворца,
Святы Роху, мужны абаронца святой веры,
Святы Роху, незвычайны паслядоўнік Хрыстовай беднасці,
Святы Роху, клапатлівы апякуне ўдоваў і сіротаў,
Святы Роху, адданы суцяшальнік душаў,
Святы Роху, дзейсны лекару чалавечых хваробаў,
Святы Роху, прыклад сапраўднай пабожнасці,
Святы Роху, дасканалы правадыру на шляху цнотаў,
Святы Роху, цудоўны прыклад апостальскага духу,
Святы Роху, цярплівы шанавальнік Крыжа Панскага,
Святы Роху, як анёл у жыцці нявінны,
Святы Роху, сапраўдны патрыярху народа Божага,
Святы Роху, дзівосны прарок з ласкі і Духа Божага,
Святы Роху, руплівы настаўнік няўмелых,
Святы Роху, дастойны паслядоўнік жыцця Хрыстовага,
Святы Роху, абаронца беззаганнасці Панны Марыі,
Святы Роху, у якім мы праслаўляем і ўшаноўваем заслугі ўсіх святых,
Святы Роху, абаронца ўсяго свету ад згубных эпідэмій,
Святы Роху, дапамога ў шпіталях,
Святы Роху, наш магутны апякуне,
— маліся за нас.

Божа, у Тройцы адзіны, Цябе просім,
— выслухай нас, Пане.
Праз заслугі святога Роха, вернага Твайго паслядоўніка, Цябе просім,
Каб нас ад пажару, голаду, вайны і заразы збавіў, Цябе просім,
Каб нас ад грэшных учынкаў захаваў, Цябе просім,
Каб нас па прыкладу святога Роха ў Тваёй службе святой умацаваў, Цябе просім,
Каб нам, сынам і дочкам ягоным, супакой, згоду і любоў сапраўдную даў, Цябе просім,
Сыне Божы, Цябе просім,
     — выслухай нас, Пане.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
— даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
— выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
— змілуйся над намі.

Молімся.

Божа, які праз свайго анёла абяцаў святому Роху, што кожны, хто шчыра папросіць яго аб заступніцтве, будзе захаваны ад усялякай згубнай навалы, учыні, просім Цябе, каб мы — тыя, хто пабожна святкуе ўспамін ягоных заслугаў, былі захаваныя ад смяротнай хваробы душы і цела. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Малітва аб заступніцтве

Божа, Цябе праслаўляюць усе святыя, просьбы якіх Ты выслухоўваеш, прыносячы палёгку ўсім, хто просіць апекі Тваіх абраннікаў. Учыні, каб тыя, хто ўшаноўвае святога Роха, праз яго заступніцтва былі вызвалены ад цяжкіх і заразных хваробаў, якія святому Роху самому давялося зносіць. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Малітва да святога Роха

Святы пілігрыме і лекару, ты клапаціўся пра хворых у дні эпідэміі, твае веды і палымяная малітва заўсёды давалі іншым надзею. Просім цябе заступіцца за хворых, асабліва за самотных, якія пазбаўлены апекі і надзеі, і падтрымаць іх у цяжкую хвіліну. Амэн.

Гімн святому Роху 

Роху Святому хвалу мы спяваем,
Нізка галовы схіліўшы ў паклоне.
Горадам нашым і ўсім нашым краем
Ты апякуйся, святы наш патроне.

Ты, што з маленства наследаваў Пана
I разважаў аб Ягоным законе,
Верачы шчыра Яму і аддана,
Дай жа нам веру, наш верны патроне.

Ты, які мужна пакінуў зямное,
Служачы Пану ў цярнёвай кароне,
Хворым, нямоглым вяртаеш здароўе,
Дай нам надзею, наш добры патроне.

Ты нашых продкаў не ўзгардзіў мальбамі,
Пошасці цемру рассеяў, як промень.
Хай жа апека твая будзе з намі,
Не пакідай нас, наш слаўны патроне.

Роху Святы, давядзі нас да Бога,
Дай нам Спрадвечнага ўбачьць на троне,
Хай нам твой прыклад асвеціць дарогу.
Выслухай нас, наш магутны патроне.

Песня да святога Роха 

Святы Роху, лекару нябесны,
Між Святымі твой пасад пачэсны,
Але ты заўсёды побач з намі,
I не гардзіш нашымі мальбамі.

Рэфрэн:

У смутку, у хваробе, у цярпенняў час,
Святы Роху, маліся за насі! (2 разы)

Святы Рох пакінуў гонар марны,
Усё жыццё яго, як дар ахвярны:
Найсвяцейшай Тройцы праслаўленне,
I Нябеснай Маці суцяшэнне.

Рэфрэн.

Святы Роху, моцны наш патроне,
Не пакінь нас у грахоў палоне,
Каб і мы маглі прыйсці да Бога,
Нам твая патрэбна дапамога.

Рэфрэн.

Святы Роху, ойча ўсіх гаротных,
Не пакінь сваіх дзяцей самотных,
Што нясуць мальбу табе, патрону,
Пад тваю прыходзяць абарону.

Рэфрэн.

Нашых продкаў выслухаў маленне —
Ад халеры даў аздараўленне,
I падзяку ўсцяж табе складае
Цэлы Мінск і Горка Залатая.

Рэфрэн.

У хваробе, у смутку і ў цярпенні
Мы ўзносім зноў к табе маленні:
Не пакінь нас без тваёй апекі,
Святы Роху, сёння і на векі!

Рэфрэн.

Ave-maria.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі