“Жыццё – заўсёды дабро” – пад такім загалоўкам выйшаў у свет новы дапаможнік Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Ён прымеркаваны да трыццацігоддзя энцыклікі «Evangelium vitae», якое адзначаецца 25 сакавіка 2025 года.
Дапаможнік заклікае распачаць у Касцёле працэсы, накіраваныя на пашырэнне душпастырскай дзейнасці ў абарону і прасоўванне чалавечага жыцця ва ўсіх геаграфічных і культурных кантэкстах, асабліва ў час, калі чалавечая годнасць часта парушаецца.
У прадмове кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, адзначае: «У часы вельмі сур’ёзных парушэнняў чалавечай годнасці ў многіх краінах, якія пакутуюць ад войнаў і розных формаў гвалту (асабліва ў дачыненні да жанчын, дзяцей, у тым ліку, ненароджаных, падлеткаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пажылых людзей, бедных і мігрантаў), неабходна распрацаваць сапраўднае пастырства чалавечага жыцця». Гэты падыход адпавядае прынцыпам нядаўняга дакумента Дыкастэрыі веравучэння пра чалавечую годнасць «Dignitas infinita», у якім сцвярджаецца, што кожны чалавек мае бясконцую годнасць, незалежна ад абставін, у якіх ён знаходзіцца. Таму жыццё кожнага мужчыны і кожнай жанчыны заўсёды павінна паважацца, ахоўвацца, абараняцца. Гэты прынцып павінен быць рэалізаваны ў кожнай краіне, у кожнай вёсцы, у кожным доме.
Дапаможнік стаў вынікам дыялогу з біскупамі. Па словах дапаможнага сакратара Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, біскупа Дарыа Джэрвазі, асноўнымі адрасатамі дапаможніка з’яўляюцца «біскупы, якія падчас частых візітаў ad limina неаднаразова падкрэслівалі неабходнасць захавання і прасоўвання жыцця і годнасці кожнага чалавека».
У 2024 годзе дыкастэрыя правяла вэбінар для адказных за душпастырства сям’і і жыцця ў епіскапатах усяго свету, які заклаў пачатак працэсу развіцця душпастырства чалавечага жыцця, натхнёнага дэкларацыяй «Dignitas infinita».
Для абмеркавання актуальных пытанняў, звязаных з жыццём чалавека, дапаможнік прапануе выкарыстоўваць сінадальны метад распазнання ў Святом Духу. «У духу сумеснага дыялогу мы імкнемся падтрымаць шлях кожнай дыяцэзіі, каб яна магла накіроўваць неабходныя рэсурсы на больш эфектыўную фармацыю свецкіх і павышэнне дасведчанасці новых пакаленняў аб каштоўнасці чалавечага жыцця», — адзначыў біскуп Джэрвазі.
Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News
