Святы Айцец: весці дыялог – значыць паважаць шлях іншых

Папа заклікаў удзельнікаў кангрэса па міжрэлігійным дыялогу ў Аргенціне гаварыць адзін з адным без страху і асуджэння.

Важна весці дыялог з тымі, хто думае інакш за нас, таму што Бог — Айцец усіх, і гэта вядзе нас да дыялогу і павагі да іншых людзей, — з такімі словамі звярнуўся Папа Францішак 5 мая 2023 года да ўдзельнікаў кангрэса, арганізаванага Інстытутам па міжрэлігійным дыялогу ў Аргенціне.

Папа падкрэсліў, што «рэлігійныя канфесіі не заўсёды вялі дыялог». «Раней размаўлялі з люстэркам, глядзелі на сябе і адказвалі самім сабе, асуджаючы тых, хто быў звонку», — заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік узгадаў аднаго пастыра ў Буэнас-Айрэсе, які пасылаў скаўтаў падпальваць палаткі евангелістаў. “Пратэстанты не лічыліся людзьмі, таму што існавала атмасфера асуджэння”, — нагадаў Папа. Свой першы ўрок экуменізму Святы Айцец атрымаў ад бабулі ва ўзросце чатырох гадоў. Сустрэўшы на вуліцы двух прадстаўніц Арміі выратавання, ён пацікавіўся, хто яны. Бабуля адказала: «Яны пратэстанткі, але яны добрыя людзі», — падзяліўся ён успамінамі.

“З яўрэямі ў мяне заўсёды былі блізкія адносіны, дзякуючы школе, дзе ў мяне былі аднакласнікі яўрэі”, — працягнуў Папа Францішак, дадаючы, што ў бытнасць арцыбіскупам суправаджаў паміраючага аднакласніка яўрэя.

Важна, каб кожны з нас вёў дыялог з братамі і сёстрамі, таму што ўсе мы – дзеці Божыя. Бог, па словах Папы, выяўляецца ва ўсіх культурах, ва ўсіх народах, якія прайшлі розныя гістарычныя шляхі, “але гэта той жа Бог”, — сказаў Папа.

Падчас міжрэлігійнага дыялогу, — папярэдзіў Святы Айцец, — нельга казаць, што мой Касцёл – адзіны і сапраўдны, а ваша Царква – “другой ці чацвёртай катэгорыі». Трэба казаць, што мой шлях – верны для мяне, гэта тое, чаго хоча Бог. Але я паважаю шлях іншых, і “гэта не рэлятывізм, гэта павага і суіснаванне”, — падкрэсліў Папа.

Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі