Святы Айцец благаславіў звон «Голас ненароджаных» для Казахстана

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі 15 мая 2024 года Папа Францішак благаславіў звон «Голас ненароджаных», які будзе дастаўлены ў Казахстан.

Звяртаючыся да польскіх пілігрымаў, Папа пажадаў, каб «Святы Дух заўсёды ўзносіў нас на больш высокі ўзровень бескарыслівай і практычнай любові да бедных, хворых і ўразлівых, такіх як ненароджаныя дзеці”.

Пантыфік звярнуў увагу на звон, які знаходзіўся на ватыканскай плошчы. Ён быў прывезены з Польшчы і мае назву Голас ненароджаных. У Казахстане, куды яго даставяць пасля благаслаўлення, звон «будзе служыць напамінам пра важнасць абароны чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці», — сказаў Папа.

Як адзначыў у інтэрв’ю ватыканскім СМІ мітрапаліт Астаны, арцыбіскуп Томаш Пета, «благаслаўленне прайшло ў вельмі сямейнай, прыватнай атмасферы. Святы Айцец быў вельмі рады. Ён першым разам з дзецьмі ўдарыў у звон. Гэта была вялікая падзея, таму што пытанне абароны жыцця да натуральнай смерці з’яўляецца глабальнай праблемай. У Фондзе Так жыццю лічыць, што такія званы павінны быць у кожнай краіне, каб нагадваць пра святасць жыцця».

Старшыня Фонду «Так жыццю» Багдан Раманюк нагадаў словы Пантыфіка з нагоды асвячэння ў 2020 годзе першага звону для Польшчы. Тады Святы Айцец падкрэсліў, што гэты звон павінен абудзіць сумленне заканадаўцаў і людзей добрай волі ў дачыненні да абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

Першы звон Голас ненароджаных быў адліты ў 2020 годзе ў Польшчы па ініцыятыве Фонду «Так жыццю». На звоне выгравіравана пятая запаведзь «Не забівай» і словы благаслаўлёнага Ежы Папялушкі: «Жыццё дзіцяці пачынаецца пад сэрцам маці». Першым у звон ударыў Папа Францішак 23 верасня 2020 года падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У 2022 годзе вылілі званы для Украіны і Эквадора, у 2023 – для Замбіі, у 2024 – для Казахстана.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку