Каталіцкія ардынарыі ў Святой Зямлі (AOCTS) успрымаюць Сінод па сінадальнасці, ініцыяваны Папам Францішкам, як магчымасць слухаць і вучыцца ў некаталіцкіх Цэркваў у рэгіёне.
“Мы хочам не толькі інфармаваць вас аб гэтым працэсе, але і пачуць усё, што вы можаце нам сказаць”, — напісалі іерархі ў сваім лісце да кіраўнікоў некаталіцкіх канфесій, прысутных у Святой Зямлі.
У кантэксце Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян біскупы зрабілі акцэнт на братэрскіх адносінах з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі. Яны нагадалі словы Папы Францішка пра тое, што католікі могуць шмат чаму навучыцца ў праваслаўных у ажыццяўленні сінадальнасці, таму каталіцкае духавенства, на іх думку, павінна падтрымліваць кантакты са святарамі і душпастырамі хрысціянскіх канфесій рэгіёна.
Мэтай Сінода ў перыяд крызісу на ўсіх узроўнях з’яўляецца абнаўленне Касцёла. “Нашы вернікі знясіленыя, часта імі авалодваюць роспач і страх, калі думаюць пра будучыню хрысціян у нашым рэгіёне, ёсць і зусім цёмныя думкі”, — прызналіся біскупы. Яны лічаць, што сёння “ўсім патрэбна аднаўленне энергіі і рэфлексія на тэму веры”.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
