24 жніўня ў касцёле Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў Удзеле прайшла сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі. Галоўная тэмай сустрэчы стала «Хрысціянскае выхаванне дзяцей і моладзі».
Сустрэча пачалася са святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Падчас казання біскуп Алег нагадаў катэхетам пра годнасць той місіі, якую яны выконваюць у выхаванні дзяцей і моладзі. «Перш за ўсё адказнасць за духоўную фармацыю дзяцей ляжыць на святарах, але, дзякуй Богу, яны маюць у гэтым дапаможнікаў у асобе катэхетаў. Гэта тыя людзі, якія, нягледзечы на свае штодзённыя абавязкі, адгукнуліся на Божы заклік быць дапаможцамі ў Касцёле», — сказаў біскуп Алег. Таксама Яго Эксцэленцыя адзначыў неабходнасць паглыблення адносінаў з Богам і для саміх катэхетаў. «Як апостал Барталамей, пра якога сёння нам кажа Евангелле, запалаў верай праз сустрэчу з Езусам, жывым Богам, так і мы, духоўныя асобы, і вы, катэхеты, павінны няспынна шукаць гэтай сустрэчы ў нашым паўсёдзённым жыцці. Толькі так, самі запалаўшы верай, мы будзем здольныя перадаваць яе іншым».
Пасля святой Імшы адбылася першая з двух канферэнцый, якія праводзіў Уладзіслаў Валаховіч, доктар тэалогіі, дырэктар фонда «Адкрытыя сэрцы» і былы выкладчык духоўнай семінарыі і катэхетычнага каледжа. Падчас гэтай канферэнцыі спікер назваў галоўныя праблемы і пагрозы ў сучасным выхаванні дзяцей і моладзі. Сярод іх: дэгуманізацыя, ЛГБТ-прапаганда і ідэалогія гендар, празмернае і безмэтавае карыстанне інтэрнэтам.
Паміж канферэнцыямі быў арганізаваны перапынак на каву і невялікі пачастунак, падчас якога можна было адпачыць на свежым паветры ці абмеркаваць надыходзячы навучальны год. Таксама была арганізавана «экскурсія», падчас якой катэхеты разам са святарамі і біскупам наведалі будоўлю рэкалекцыйнага дому «Сяліба Беззаганнай» і памаліліся за яго будаўнікоў і валанцёраў.
Другая канферэнцыя была прысвечана пошуку адказаў на вызначаныя раней праблемы. Цэнтральнай часткай разважанняў стала вяртанне чалавеку яго чалавечага твару, праз адзенне і мову, і здольнасцяў, праз незалежную ад лічбавай прасторы творчасць і працу. Таксама падчас канферэнцыі Уладзіслаў Валаховіч, як шматдзетны бацька, падзяліўся ўласным вопытам выхавання дзяцей у сям’і.
Лаліта Арлоўская, тэкст
Аксана Касцючэнка, а. Віктар Мялешка OFMConv, фота
