Сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарыткі» Віцебскай дыяцэзіі

8 верасня ў свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ўдзельнікі апостальскага руху «Маргарыткі» з Віцебскай дыяцэзіі сустрэліся ў касцёле Беззаганнага Зачацця НПМ у Удзеле.

Найлепшыя падарункі для Панны Марыі – удзел у святой Імшы і ружанцовая малітва. Таму ўдзельнікі сустрэчы пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце памаліліся Ружанец у інтэнцыі свецкіх апосталаў і духоўных асоб, якіх яны падтрымліваюць малітвамі. Таксама вернікі прысвяцілі Беззаганнаму Сэрцу Марыі сябе, сем“і, свае парафіі, месцы працы.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ім маліліся а. Яраслаў Банасяк OFMConv, кс. Сяргей Сурыновіч.

Гамілію прамовіў біскуп Алег Буткевіч, які падкрэсліў, наколькі важная роля адведзена Марыі ў ажыццяўленні Божага плану збаўлення чалавецтва. Іерарх заахвоціў удзельнікаў «Маргарытак» наследаваць жыццё Панны Марыі, наследаваць Яе цноты: вытрываласць у малітве, слуханне і захаванне ў сэрцы Божага слова, паслухмянасць Божай волі. Пакора – вельмі нялёгкая дабрадзейнасць, бо мы схільныя да помсты. Езус вучыць нас любіць ворагаў, шанаваць кожнае Божае стварэнне. Мы абавязаны абараняць людскую годнасць, бо чалавек – святыня Духа Святога. А Пан Бог справядлівы, таму аддаём усе справы на волю Бога. Таксама неабходна быць удзячнымі Пану Богу за ўсе дары, якія атрымліваем ад Яго. Варта памятаць, што Бог не дае выпрабаванняў больш, чым можам знесці, і што маем Заступніцу – Найсвяцейшую Панну Марыю.

Пасля абеду ўдзельнікам сустрэчы была прапанавана канферэнцыя «Этапы ажыццяўлення плана збаўлення на шляху сінадальнасці», якую падрыхтаваў кс. Сяргей Сурыновіч. Папа Францішак навучае, што «сінадальны шлях – гэта той шлях, якога Бог чакае ад Касцёла ў трэцім тысячагоддзі». Святар зазначыў: «Ідучы за заклікам Святога Айца, важна, каб кожны вернік, кожны ахрышчаны адчуў адказнасць за лёс Хрыстовага Касцёла і яго збаўчай місіі ў свеце. Галоўнай задачай Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з“яўляецца новая евангелізацыя. У ёй павінны браць удзел не толькі біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, але і веруючыя свецкія. Няхай дзякуючы нашым малітвам за духоўных асоб і актыўнаму ўдзелу ў жыцці Касцёла праз камунію, удзел і місію сучасны Касцёл стане Вячэрнікам новага Спаслання Святога Духа і прывядзе да яго сінадальнага адраджэння».

Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі