Сустрэча апостальскага руху «Маргарытка» Гродзенскай дыяцэзіі прайшла ў Тракелях

15 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася сустрэча для членаў апостальскага руху “Маргарытка”.

Летам на палях і ў садах квітнеюць кветкі, напаўняючы прыгажосцю навакольны свет. А ў садах Касцёла круглы год не перастаюць квітнець ля падножжа Марыі букеты малітвы за святароў і кансэкраваных асоб.

Да сустрэчы членаў руху “Маргарытка” далучыліся прадстаўнікі Легіёну Марыі. Агульная колькасць удзельнікаў сустрэчы склала больш за 300 чалавек. Яны разам праслаўлялі Бога Айца, маліліся, а таксама прасілі падтрымкі ў Нябеснай Матулі.

Удзельнікі прыехалі з розных куткоў Гродзеншчыны. На сённяшні дзень у Гродзенскай дыяцэзіі налічваецца больш за дзве тысячы тых, хто належыць да руху “Маргарытка”. Галоўнай мэтай гэтага руху з’яўляецца штодзённая малітоўная падтрымка канкрэтных святароў. Вернікі, якія належаць да яго, прысвячаюць за абраных духоўных асоб свае пакуты і на працягу ўсяго жыцця ахвяруюць за іх дары кожнага дня. Дух гэтага руху – прастата, еднасць і самаахвяраванне. Аб гэтым нагадвае маленькая белая кветачка – маргарытка.

Той, хто належыць да руху, у агульнай колькасці на тыдні моліцца за семярых святароў – за кожнага кожны дзень тыдня. Члены руху маюць магчымасць павялічваць колькасць тых, за каго моляцца, і маліцца за некалькіх у адзін дзень – за кожнага асобна. Некаторыя вернікі адначасова ўваходзяць у склад некалькіх малітоўных груп, напрыклад, у “Маргарытку” і ў Легіён Марыі – супольнасць свецкіх людзей, якая пад апекай Беззаганнай Марыі дапамагае Касцёлу здзяйсняць учынкі міласэрнасці.

На пачатку сустрэчы ўдзельнікі заслухалі канферэнцыю кс. Анджэя Ганчара. Ён напомніў прысутным, што злы дух ніколі не спіць і імкнецца будаваць розныя перашкоды на шляху веруючых людзей, таму ім трэба быць трывалымі і заўсёды памятаць, што ў іх ёсць Божая Маці, да якой можна звярнуцца.

Пасля канферэнцыі пачаліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і сумесная малітва на ружанцы. Прамаўляючы кожную малітву “Вітай, Марыя…”, удзельнікі нібы прыносілі малітоўныя ружы да падножжа Маці Божай.

Святую Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Разам з ім у інтэнцыі ўсіх членаў руху “Маргарытка”, а таксама за ўсіх пакліканых да асаблівага служэння Богу і Касцёлу маліліся мадэратар руху ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Раманоўскі, папярэдні мадэратар кс. Ян Сарэла і іншыя святары.

Біскуп падкрэсліў, што ў сучасным свеце вельмі патрэбна малітва за святароў, каб яны станавіліся духоўнымі правадырамі для людзей і ўсё больш сапраўднымі святарамі Бога Жывога. Аб ласцы святасці для святароў іерарх памаліўся словамі малітвы святога Яна Паўла Ⅱ. Удзельнікі сустрэчы ў цішы сваіх сэрцаў прасілі аб Божай апецы для духоўных і кансэкраваных асоб.

Рух “Маргарытка” працягвае традыцыю, закладзеную вернікамі, якія ведалі, наколькі важна падтрымліваць святароў малітвай, бо гэтая падтрымка вельмі значная ў духоўным жыцці чалавека і дадае сілы тым, за каго моляцца.

“Я моцна веру, што дзякуючы вашай малітве святых святароў будзе больш”, – адзначыў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі.

Напрыканцы сустрэчы члены апостальскага руху ўручылі біскупу Уладзіміру Гуляю і ўсім прысутным святарам маргарытку – малітоўную падтрымку. Біскуп выказаў падзяку ўсім, хто належыць да малітоўных груп, заўважыўшы, што вернікі, якія моляцца за духоўных асоб, нагадваюць прыгожы кветнік у садзе Божым.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі