Супольная Імша біскупаў на мяжы Злучаных Штатаў і Мексікі ў знак салідарнасці з мігрантамі

Каталіцкія іерархі прыгранічных рэгіёнаў Злучаных Штатаў і Мексікі правялі ў Нагалесе супольную святую Імшу і працэсію ў знак салідарнасці з мігрантамі.

Каталіцкія біскупы арганізавалі дзень душпастырскага суправаджэння на мяжы Злучаных Штатаў Амерыкі і Мексікі. Набажэнства прайшло ў гістарычнай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў арызонскім Нагалесе.

Біскуп Тусана Джэймс Міско падкрэсліў, што іерархі прыбылі туды як пастыры Касцёла. «Гэта важнае месца для нас, бо менавіта тут дзве краіны аб’ядноўваюцца як народ Божы», — дадаў ён. Душпастыры маліліся за мігрантаў і за кіраўнікоў, якія рэгулююць памежную палітыку.

Пасля літургіі каля двухсот вернікаў далучыліся да працэсіі і малітвы Ружанца праз мяжу ў мексіканскі горад Нагалес. У мясцовай парафіі Беззаганнага Зачацця адбылося кароткае чуванне перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Пасля гэтага біскупы сустрэліся з шукальнікамі прытулку ў цэнтры дапамогі мігрантам. «Гэты дзень быў патрэбны, каб сказаць: мы бачым вас, мы чуем вас і мы побач з вамі», — адзначыў біскуп Марк Зэйц.

Сітуацыя застаецца складанай, бо большасць мігрантаў, якія сутыкаюцца з пагрозай дэпартацыі ў ЗША, з’яўляюцца хрысціянамі і католікамі. Напярэдадні Вярхоўны суд дазволіў уладам краіны спыніць спецыяльную праграму абароны для тысяч бежанцаў. Спрэчныя рашэнні таксама датычыліся вяртання практыкі абмежавання прыёму шукальнікаў прытулку на самой мяжы.

Біскуп Джэральд Кіканас заклікаў даць людзям у цэнтрах утрымання магчымасць свабодна практыкаваць веру. «Яны маюць патрэбу ў суцяшэнні і надзеі, якую прыносіць вера», — сказаў іерарх.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку