Споведзь на борце «Тытаніка». Святарскі абавязак сярод панікі

Увечары 14 красавіка 1912 года карабель «RMS Titanic» сутыкнуўся з айсбергам і пачаў свой адыход у гісторыю. Сярод мітусні, якая панавала на борце, адзін чалавек захоўваў спакой, ціха выконваючы свае абавязкі з пакорнай рашучасцю чалавека, які ведаў сваю мэту. Айцец Томас Байлз, каталіцкі святар з Англіі, сустрэў смерць гэтак жа, як і пражыў жыццё: з пачуццём абавязку, цвёрда трымаючыся веры і глыбокага разумення святасці. Яго дзеянні ў тую ноч былі ўвасабленнем ціхага гераізму.

Святарскі абавязак сярод панікі

Калі пасажыры «Тытаніка» рваліся да выратавальных шлюпак, сярод іх вылучалася высокая постаць айца Байлза. Ён хадзіў сярод іх, яго голас быў цвёрдым, калі ён прамаўляў словы суцяшэння і духоўнага кіраўніцтва. «Супакойся, дзіця маё, — мог сказаць ён ахопленай панікай жанчыне, якая сціскала ў руцэ ружанец, — Пан з табой».

Ніякіх грандыёзных жэстаў, ніякага драматызму — проста чалавек, які спакойна выконвае сваё пакліканне. Айцец Байлз сеў на «Тытанік», каб прысутнічаць на вяселлі брата ў Нью-Ёрку, але ў лёсу былі іншыя планы на яго. Калі стала ясна, што карабель затоне, ён не шукаў бяспекі для сябе, а замест гэтага сабраў вакол сябе людзей, каб весці іх у малітве і ўдзяляць сакрамант споведзі. Гэта была не проста цырымонія; гэта быў глыбокі акт духоўнай апекі, укаранёны ў каталіцкім разуменні споведзі як шляху да Божага прабачэння.

Цэнтральнае значэнне ў сакраманце споведзі займае сакраментальная пячатка, непарушнае абяцанне, якое ні адзін святар не можа парушыць. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вельмі ясна гаворыць: «Гэтая таямніца, якая не мае выключэнняў, называецца «сакраментальнай пячаткай», таму што тое, што пэнітэнт даверыў святару, «запячатана» святым сакрамантам споведзі» (ККК, 1467).

Гэта зарок, які звязвае святара запаветам святога маўчання, які айцец Байлз выконваў з невымоўнай рашучасцю чалавека, які ведаў вагу сваіх абяцанняў. У тую фатальную ноч споведзі, пачутыя а. Байлзам, адгукаліся ў сакраментальнай цішыні. «Прабач мне, ойча, — мог бы прашаптаць той, чые слёзы змяшаліся з ледзяным паветрам, — бо я зграшыў». А айцец Байлз, спакойны, як заўсёды, адказваў словамі адпушчэння: «Няхай Бог дасць табе прабачэнне і супакой, а я вызваляю цябе ад грахоў». Простыя словы, але сярод агоніі «Тытаніка» яны неслі цяжар вечнасці.

Гераічная мужнасць і ціхі акт самаахвярнасці

Рашэнне айца Байлза застацца з пасажырамі карабля, які тоне, а не шукаць месца ў выратавальнай шлюпцы, было найвышэйшым актам самаахвярнасці — выкананым не з шыкоўнасцю, а з ціхай рашучасцю чалавека, які ведаў свой абавязак. Яго мужнасць — гэта не легенда, а нешта значна больш глыбокае: ціхая мужнасць пастыра, які пасвіць свой статак у апошнія хвіліны. Гэта была своеасаблівая вяршыня айсберга — бачнае на паверхні было толькі маленькай часткай велізарнай маральнай устойлівасці, якая хавалася ў глыбіні.

айцец Томас Байлз

«Ніхто не можа любіць больш, чым той, хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» (Ян 15, 13) — напэўна, гэтыя словы адгукаліся ў яго думках. Айцец Байлз зрабіў менавіта гэта, аддаўшы сваё жыццё за тых, хто не меў надзеі выжыць. Ён не лютаваў перад абліччам смерці, а прымаў яе са спакоем чалавека, які разумеў, што смерць — гэта не канец.

Вечная спадчына айца Байлза

Гэтая гісторыя з’яўляецца сведчаннем нязменнай сілы веры, святасці сакрамантаў і ціхага гераізму тых, хто служыць іншым коштам уласнага жыцця. У эпоху, калі споведзь часта няправільна разумеюць або ўвогуле адмаўляюцца, дзеянні айца Байлза служаць моцным напамінам аб важнасці сакраманту. Калі «Тытанік» затануў, забраўшы з сабой больш за 1500 душ, святар правёў свае апошнія хвіліны ў служэнні іншым, захоўваючы сакраментальную пячатку ў маўчанні і абсалютнай цэласнасці. Гэта быў гераізм не грандыёзных жэстаў, а простай, непахіснай веры — гераізм, які нават цяпер застаецца натхненнем для тых, хто імкнецца жыць з такой жа ціхай мужнасцю і непахіснай адданасцю свайму пакліканню.

У рэшце рэшт, спадчына айца Байлза жыве ў аповедах тых, хто быў сведкам яго апошніх учынкаў, і ў вечнай ісціне, што часам самыя гераічныя ўчынкі — гэта тыя, якія ціха, але з глыбокай мэтанакіраванасцю апускаюцца ў цішыню ночы.

Паводле credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі