Дыяцэзіяльны біскуп можа ўдзяліць у сваёй дыяцэзіі папскае бласлаўленне з поўным адпустам, ужываючы адпаведную формулу, тры разы на год у святы і ўрачыстасці, выбраныя ім. Гэтае бласлаўленне ўдзяляецца напрыканцы Святой Імшы згодна з біскупскім цырыманіялам.- Дыяцэзіяльныя біскупы могуць вызначыць частковы адпуст усім вернікам на сваёй тэрыторыі, а таксама для вернікаў, якія падлягаюць іх юрысдыкцыі па-за ўласнай тэрыторыяй. Тое самае можа рабіць мітрапаліт для суфрагальных дыяцэзій.
- Адпуст, які звязаны з канкрэтнай урачыстасцю (напрыклад, урачыстасць св. Апосталаў Пятра і Паўла), можа быць перанесены на той дзень, калі гэтая ўрачыстасць адзначаецца (напрыклад, на нядзелю).
- Калі гаворка ідзе пра адпуст за наведванне пэўнага месца ў пэўны дзень, то яго можна атрымаць ад поўдня папярэдняга дня да поўначы дня бягучага.
ПОЎНЫЯ АДПУСТЫ
Адпусты, якія можна атрымліваць кожны дзень:
- За паўгадзінную Адарацыю Найсвяцейшага Сакраманта. За само наведванне – частковы адпуст.
- За паўгадзіннае пабожнае чытанне Святога Пісання з належнай пашанай да Божага Слова і трактаванне гэтага дзеяння як духоўнага чытання. За кожнае чытанне Святога Пісання пры тых самых умовах, але за карацейшы час, – частковы адпуст.
- За адпраўленне Крыжовага Шляху пры наступных умовах:
— трэба яе адпраўляць у тым месцы, дзе афіцыйна зацверджаны Крыжовы Шлях (касцёл, прыкасцельная тэрыторыя і г.д.);
— разважаць над мукай Пана Езуса;
— трэба пераходзіць ад адной да другой стацыі. Калі Крыжовы шлях адпраўляецца публічна і няма магчымасці ўсім вернікам пераходзіць ад стацыі да стацыі, то дастаткова, каб пераходзіў вядоўца набажэнства або асоба з крыжам, а іншыя вернікі могуць застацца на сваіх месцах. Хто не можа такім чынам адправіць гэта набажэнства з-за аб’ектыўнай перашкоды (хвароба, падарожжа, закрыты касцёл і г.д.),
— таксама можа атрымаць поўны адпуст, калі па меншай меры на працягу паўгадзіны будзе пабожна чытаць або разважаць над мукай Пана.
- За адмаўленне часткі Ружанца ў касцёле, публічнай капліцы, у сям’і, у законнай супольнасці, пры наступных умовах:
- трэба адгаварыць 5 таямніц без перапынку;
- да вуснай малітвы трэба дадаць разважанне над таямніцай Ружанца;
- пры публічным адмаўленні Ружанца трэба аб’яўляць назвы таямніц паводле прынятага звычаю.
Адпусты, якія можна атрымліваць у вызначаных днях:
- За пабожнае публічнае прамаўленне гімна Veni, Creator 1 студзеня і ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. У іншыя дні – частковы адпуст.
- За пабожнае прамаўленне пасля прыняцця Святой Камуніі малітвы “Вось я…” перад абразом Езуса Укрыжаванага ў кожную пятніцу Вялікага Посту. У іншыя дні году пры падобных умовах – частковы адпуст.
- За пабожнае і ўрачыстае прамаўленне Tantum ergo Sacramentum з заклікам і малітвай у Вялікі Чацвер і ва ўрачыстасць Божага Цела. У іншыя дні – частковы адпуст.
- За пабожны ўдзел у набажэнстве і за цалаванне Крыжа ў Вялікую Пятніцу.
- За прамаўленне ў любой форме абяцанняў Святога Хросту падчас набажэнства ў Вялікую Суботу або ў гадавіну ўласнага хросту.
- За пабожнае публічнае прамаўленне акту “Езу Найсалодшы” ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса.
- За пабожнае ўцалаванне прадмета рэлігійнага культу, пабласлаўлёнага Папам або біскупам ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла пры дадатковым прамаўленні вызнання веры.
- За пабожнае публічнае прамаўленне акта прысвячэння чалавечага роду Сэрцу Езуса ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. У іншыя дні – частковы адпуст.
- За пабожнае адведванне могілак і адначасова малітву за памерлых, хаця б толькі ў думах, ад 1 да 8 лістапада. Гэты адпуст можна атрымаць штодзённа, але ахвяраваць яго толькі за памерлых.
- За пабожнае наведванне касцёла або капліцы і за адмаўленне “Ойча наш” і “Веру ў Бога” ў памінальны дзень. Гэты адпуст можна ахвяраваць толькі за памерлых.
- За публічнае прамаўленне гімна Te Deum у астатні дзень года як падзяка Богу за атрыманыя ласкі. За падзяку ў іншыя дні – частковы адпуст.
- За прыняцце Першай Святой Камуніі або за ўдзел у цырымоніі Першай Святой Камуніі.
- Поўны адпуст можа атрымаць святар, калі цэлебруе Першую Святую Імшу, а таксама вернікі, якія ў ёй удзельнічаюць.
- За ўдзел па рэлігійных пабуджэннях у эўхарыстычным набажэнстве на заканчэнне Эўхарыстычнага Кангрэса.
- За адпраўленне рэкалекцый, якія трываюць па меншай меры тры дні.
- За пабожны ўдзел у некалькіх місійных навуках і ва ўрачыстым іх завяршэнні.
- За пабожнае прыняцце папскага бласлаўлення Urbi et Orbi нават праз радыё і тэлебачанне.
- За пабожнае наведванне адной з большых базілік у Рыме ва ўрачыстасць апекуна Базілікі, у кожную абавязковую ўрачыстасць і раз у год у любы абраны вернікам дзень.
- За ўдзел у ранішнім або вячэрнім набажэнстве ў стацыйным касцёле ў Рыме ў дзень, вызначаны ў Рымскім Імшале.
- За ўдзел у набажэнстве падчас пастырскай візітацыі.
- За наведванне парафіяльнага касцёла ў дзень тытулярнага свята і 2 жніўня (Маці Божай Анёльскай).
- За наведванне касцёла, дзе адбываецца дыяцэзіяльны сінод.
- За пабожнае наведванне касцёла або алтара ў дзень яго кансэкрацыі.
- За пабожнае наведванне законнага касцёла або капліцы ў дзень свята заснавальніка закона.
Падрыхтаваў кс. Дзмітрый Пухальскі, Мінск
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!