Традыцыйна на пачатку восеньскіх канікул у гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці, адбылося двудзённае спатканне сэрцанскай моладзі з усёй Беларусі.
У Гродна прыехала моладзь з сэрцанскіх парафій з Паставаў, Шаркаўшчыны і Варапаева (Віцебская дыяцэзія), а таксама Ляхавіч (Пінская дыяцэзія). Тэма спаткання ў месяцы кастрычніку была: “У Духу Марыі”, якая раскрывала жыццё Маці Божай у спаўненні Божай волі.
На першай канферэнцыі кс. Аляксей Вянцкевіч SCJ прадставіў жыццё Марыі, паказваючы сціпласць простай дзяўчыны з Назарэту, яе матчыну апеку над Езусам — Богам, а пазней над чалавецтвам. Пасля ўсе святары і моладзь мелі супольную Святую Імшу і Адарацыю, якая з’яўляецца характэрнай рысай сэрцанскай харызмы. Маладыя парафіяне з Гродна разам з кс. Аляксандрам Пятліцкім SCJ прыгатавалі для моладзі таксама вясёлы вечар з танцамі і конкурсамі, дзе кожны мог пабароцца за невялічкі падарунак.
На другі дзень, пачынаючы ад ранішняй малітвы і канферэнцыі, моладзь мела магчымасць пазнаць лепш ружанцовую малітву, яе гісторыю і дзейснасць у жыцці, дзякуючы слову ад кс. Генадзя Лаўніковіча SCJ, а таксама супольна памаліцца праз заступніцтва Маці Божай у сваіх асабістых просьбах.
На прыканцы спаткання Святую Імшу узначаліў настаяцель супольнасці айцоў — сэрцанаў у Беларусі кс. Аляксандр Фядотаў SCJ, распавядаючы пра месца Марыі ў харызме вялікай сэрцанская сям’і (familia Dehoniana) па ўсім свеце. Кожны удзельнік атрымаў пасвечаны ружанец як зброю ў барацьбе са злом на кожны дзень.
Тэкст і фота: кс. Аляксандр Пятліцкі SCJ
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!





