Сюрпрыз для Бэнэдыкта XVI да 70-годдзя святарства

Святарскае пасвячэнне Ёзэфа і Георга Ратцынгераў

Сюрпрыз для Бэнэдыкта XVI да 70-годдзя святарства, якое прыпадае на 29 чэрвеня 2021 года, рыхтуе яго сакратар арцыбіскуп Георг Генсвайн.

У гэты дзень падчас св. Імшы ў капліцы кляштара Mater Ecclesiae, у якім жыве Папа-эмерыт, праспяваюць былыя харысты яго брата ксяндза Георга Ратцынгера.

Бэнэдыкт XVI памятае, што цырымонія яго пасвячэння была доўгай, узгадвае ён таксама як уразіў яго кардынал Міхаэль фон Фаўльхабэр, які ўдзяляў яму пасвячэнне. Ад таго чэрвеньскага дня 1951 года, як падкрэсліў арцыбіскуп Генсвайн, Ёзэф Ратцынгер штодзень цэлебруе Эўхарыстыю, нават цяпер, калі мае праблемы з перамяшчэннем.

Бэнэдыкт XVI не можа стаяць, а таму знаходзіцца пры алтары ў інвалідным вазку, канцэлебруючы літургію. Галоўным цэлебрантам з’яўляецца яго асабісты сакратар. “Сюрпрызы для яго заўсёды звязаныя з літургіяй. Мы запрасілі групу былых харыстаў з Рэгенсбурга, якія вучыліся спяваць у яго брата. Сёння ім ад 40 да 60 гадоў. Некаторыя з іх заспяваюць у капліцы падчас Імшы”, — анансаваў арцыбіскуп Генсвайн.

Іерарх прызнаў, што Папа-эмерыт “вельмі слабы”. “Але, дзякуй Богу, яго розум надалей працуе вельмі добра. На жаль, яго голас таксама вельмі слабы. Складана яму гаварыць. Але ён у добрым настроі і кажа: “Кожны дзень я распачынаю з Панам і завяршаю яго з Панам”, — распавёў асабісты сакратар.

Ян Глінскі, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку