Сямейныя перакусы

Вітаю вас, дарагія мамы! Рыхтуючы сённяшнюю тэму, успомніла жарт: “Цікавае жыццё мамы ў дэкрэце: раніцай каву прыгатавала, вечарам папіла”. Насамрэч, так бывае, што кожны чалец сям’і мае свой графік. Часам мы перакусваем не дома, а прыходзячы дадому, усе ядуць паасобку.

Але ж супольныя перакусы ў сям’і – гэта не толькі спажыванне страваў. Гэта час, калі асобныя сямейнікі становяцца адным цэлым, сапраўднай супольнасцю.

Разгледзім пяць асноўных парадаў, як арганізаваць дамашнія перакусы і аб’яднаць сям’ю.

  1. Усе ведаюць дзень і гадзіну

Вядома, у кожнага чальца сям’і асабісты графік. Хтосьці сыходзіць раніцай, хтосьці працуе да позняй ночы. Але, калі прыходзіць рашэнне пра супольны перакус, то варта на сямейным савеце вырашыць, калі ён будзе. У адной сям’і – гэта вячэра, у другой – сняданак або абед. Галоўнае – сустрэцца разам. Здараецца, што такое проста немагчыма арганізаваць штодня, але важна супольна знайсці дні тыдня і гадзіны, калі ўся сям’я будзе збірацца разам за сталом.

  1. Атмасфера супольнага перакусу

Вельмі важна падчас сямейнага перакусу стварыць асаблівую атмасферу. Што можа дапамагчы ў гэтай справе? Напрыклад, заслаць стол абрусам, паставіць свечкі або кветкі. У асаблівыя перыяды года – адвэнт, Божае Нараджэнне або Вялікдзень – на стале могуць з’яўляцца адпаведныя прадметы дэкору.

Паклапаціцеся і пра музыку, яна можа быць прыгожай класічнай, а можа будзе час і для рэлігійных спеваў. Усё залежыць ад таго, што падабаецца вашай сям’і.

  1. А што ў меню?

Насамрэч, на стале можа быць самая розная ежа: ад простых макаронаў з катлетамі да нейкіх асаблівых страваў, якія любіць уся сям’я. Гэта непасрэдна залежыць ад гаспадыні дома, наяўнасці ў яе часу, жадання і фізічных магчымасцяў.

Важна, каб усе сямейнікі былі гатовыя дапамагчы маме з прыгатаваннем і арганізацыяй супольнага перакусу. І варта ўсім быць удзячнымі за тое, што пастаўлена на стале.

  1. Кожны павінен быць пачуты

Супольная вячэра – гэта час, калі кожны можа расказаць пра свой дзень, свае радасці, цяжкасці. Важна, каб кожны быў выслуханы і пачуты. Таксама на сямейным перакусе можна абмяркоўваць самыя розныя тэмы, тут можа выказацца кожны чалец сям’і. Але калі ў мамы і таты ёсць тэмы “толькі для дарослых”, не трэба выносіць іх на абмеркаванне ў гэты час.

  1. Гаджэтаў за сталом няма

ХХІ стагоддзе – час, калі кожны мае свой тэлефон, у сям’і – ноўтбук і тэлевізар. Гэтым прадметам не месца за сямейным сталом. Пажадана ўвогуле прыбраць іх з кухні, або прынамсі выключыць. Гэты крок дапаможа зрабіць больш глыбокімі і трывалымі адносіны паміж усімі сямейнікамі.

Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі