Сінод 2024: вызваліць дары і харызматы ўсіх ахрышчаных

Празрыстасць і суадказнасць у Касцёле, увага да дзяцей і моладзі, пошук эфектыўных спосабаў евангелізацыі – над гэтымі тэмамі працягвалі разважаць на Другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Удзельнікі Сінода выступілі са шматлікімі канкрэтнымі прапановамі, грунтуючыся на ўласным досведзе служэння ў розных рэгіёнах планеты, — паведамілі члены сінадальнай Камісіі па інфармацыі падчас брыфінгу, які 14 кастрычніка 2024 года прайшоў у Зале Друку Апостальскай Сталіцы ў Ватыкане.

Празрыстасць і суадказнасць у Касцёле

Адной з цэнтральных тэм на Сінодзе была празрыстасць у касцёльнай супольнасці. Падкрэслівалася неабходнасць большай адкрытасці, асабліва ў пытаннях абароны ад злоўжыванняў і кіравання фінансамі. Адначасова адзначалася важнасць захавання канфідэнцыяльнасці і павагі да прыватнасці ў пэўных сітуацыях.

Прапаноўвалася стварэнне дарадчых органаў з удзелам свецкіх экспертаў у розных галінах для дапамогі біскупам у прыняцці рашэнняў. На думку ўдзельнікаў Сінода, гэта павінна дапамагчы пазбегнуць памылак, якія ў мінулым прывялі да крызісу, звязанага са злоўжываннямі ў дачыненні да непаўналетніх.

Удзел свецкіх, жанчын і моладзі

Значная ўвага надавалася пытанню большага ўцягвання свецкіх, жанчын і моладзі ў жыццё Касцёла. Абмяркоўвалася неабходнасць умацавання ролі жанчын і свецкіх экспертаў у фарміраванні будучых святароў у семінарыях. Удзел жанчын называўся “фундаментальным”, бо яны “заўважаюць тое, што не бачаць іншыя, гарантуюць ураўнаважаную фармацыю, узбагачаюць праграму падрыхтоўкі будучых святароў у цэлым”.

Праблема гвалту ў дачыненні да манахінь

На Сінодзе згадвалася пра існаванне балючага пытання злоўжыванняў, з якімі сустракаюцца манахіні, пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра сексуальныя злоўжыванні, але таксама пра злоўжыванні ўладай, сумленнем, духоўнасцю. Прапаноўвалася ўвесці спецыяльныя працэдуры ў дыяцэзіях і біскупскіх канферэнцыях для вырашэння гэтых праблем.

Місіянерства і евангелізацыя

Удзельнікі Сінода падкрэслівалі важнасць улічвання мясцовых культурных асаблівасцяў у місіянерскай дзейнасці. Адзначалася неабходнасць вучыцца ў новых мясцовых Касцёлаў, напрыклад, у Афрыцы, якія дэманструюць вялікую жыццяздольнасць. Абмяркоўваўся вопыт арганізацыі нядзельных сходаў без святароў у некаторых афрыканскіх краінах, дзе катэхеты і аўтарытэтныя свецкія вернікі бяруць на сябе адказнасць за правядзенне Літургіі слова з удзяленнем святой Камуніі.

Барацьба з клерыкалізмам

На Сінодзе неаднаразова гучалі заклікі пазбягаць усіх формаў клерыкалізму. Прапаноўвалася ўмацоўваць блізкасць паміж біскупамі, святарамі і Божым народам. Падкрэслівалася важнасць удзелу свецкіх у працэсах прыняцця рашэнняў і неабходнасць тлумачэння матываў, калі рашэнне прымаецца насуперак агульнаму меркаванню.

Фарміраванне “культуры клопату”

Удзельнікі Сінода падкрэслівалі важнасць фарміравання “культуры клопату” ў Касцёле, што прадугледжвае перагляд адносін, якія не адпавядаюць стылю Езуса, і стварэнне атмасферы ўзаемнай павагі і падтрымкі.

Каталіцкія школы і евангелізацыя

На Сінодзе звярталася асаблівая ўвага на важнае значэнне каталіцкіх школ і іх ролю ў евангелізацыі. Заўважалася, што ў некаторых краінах кантроль над каталіцкімі школамі ўзяла дзяржава, навязваючы праграмы, якія не адпавядаюць вучэнню Касцёла.

Вызваліць дары і харызматы ўсіх ахрышчаных

Падчас сінадальнага брыфінгу слова ўзялі прадстаўнікі Касцёла з розных рэгіёнаў планеты. Адным з гасцей быў арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станеўскі. Ён нагадаў журналістам пра евангелізацыйную мэту Сінода, які павінен дапамагчы пастырам “вызваліць дары і харызматы кожнага ахрышчанага” і зрабіць парафіяльныя супольнасці, рухі і розныя касцёльныя структуры больш місійнымі. Іерарх адзначыў важнасць аналізу розных форм евангелізацыі і пошуку найбольш эфектыўных. “Мы павінны бачыць, дзе дзейнічае Святы Дух, якія практыкі прыносяць добрыя плёны, вучыцца на гэтым досведзе і дзяліцца ім”, — сказаў ён, адзначыўшы, у прыватнасці, эфектыўнасць “школ евангелізацыі”.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі