Падзея адбылася ў нядзелю 20 чэрвеня.
Святая Імша распачалася а 11-й гадзіне з урачыстага ўваходу біскупа Алега Буткевіча, пробашча ксяндза Рамана Мурзіча і міністрантаў у храм. Напачатку вернікі ўрачыста прывіталі біскупа Алега і паднеслі яму каравай. Біскуп у адказ выказаў словы падзякі, а таксама падзякаваў Богу за добрае сонечнае надвор’е.
Сакрамант канфірмацыі прынялі 36 чалавек
Пасля Літургіі слова пробашч ксёндз Раман звярнуўся да біскупа Алега з просьбай удзяліць сакрамант бежмавання вернікам, якія падрыхтаваліся да гэтага. Усяго ў гэты дзень да канфірмацыі прыступала 36 чалавек. Пераважна гэта была моладзь, але былі асобы і старэйшыя.
У сваім слове да вернікаў біскуп звярнуў увагу на ўрывак са Святога Пісання, які чытаўся падчас Імшы. Ён быў прысвечаны выпадку на моры Галілейскім, калі Езус ноччу заснуў у лодцы, а ў гэты час распачалася бура. Вучні вельмі перапужаліся, а Езус моцна спаў. Праз некаторы час Ён прачынаецца і супакойвае вецер і мора, пасля чаго папракае вучняў за недахоп веры. Магчыма і мы часта губляем сваю веру, калі ў нашым жыцці здараюцца розныя катаклізмы.
Іерарх падкрэсліў, што сакрамант канфірмацыі з’яўляецца сакрамантам хрысціянскай сталасці і павінен умацоўваць людзей у іх веры. Таму першае пытанне, якое павінен сабе задаць кожны з нас: ці я жыву з Богам? Часта ў бязвер’і вінавацілі эпоху ваяўнічага атэізму, калі вернікаў і святароў пераследвалі, знішчаліся храмы. Зараз мы ўжо больш як тры дзесяцігоддзі жывём у час, калі вера не пераследваецца, але вернікаў, на жаль, больш не становіцца.
Біскуп спыніўся на значэнні дароў Духа Святога ў нашым жыцці. “Ад усяго сэрца жадаю моцы Духа Святога кожнаму з вас і сабе таксама, – сказаў іерарх напрыканцы гаміліі, – няхай ён клапоціцца пра нас і будзе нашай надзеяй, няхай радасць напаўняе нашы сэрцы”.
Пасля казання адбыўся ўласна абрад канфірмацыі, пасля якога прайшла працэсія з дарамі. Біскупу паднеслі свечку, крыж, Біблію, садавіну, віно, ваду і хлеб.
Дзесяць гадоў праляцелі як адзін дзень
Напрыканцы богаслужэння вернікі, што прыступілі да бежмавання, падзякавалі біскупу Алегу за ўдзяленне гэтага сакраманту. Словы падзякі прагучалі на адрас ксяндза Рамана і сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, якія рыхтавалі іх да прыняцця гэтага сакраманту.
Ксёндз Раман Мурзіч праслужыў у Параф’янаве дзесяць гадоў, і ў гэту нядзелю была яго развітальная Імша як пробашча гэтай парафіі. Вернікі выказалі словы ўдзячнасці ксяндзу Раману за тую працу, якую ён тут праводзіў. Гэта былі сустрэчы моладзі, летнікі для дзяцей як пры парафіі, так і на Блакітных Азёрах, канікулы для дзяцей у Польшчы і Італіі. У касцёле было зробленае газавае ацяпленне, усталяванае новае асвятленне і мікрафоны. Усё рабілася для таго, каб у святыні было камфортна маліцца.
Шмат у каго з вернікаў на вачах былі бачныя слёзы. Яны перадалі свайму святару кветкі і падарункі. Потым слова ўзяў і сам пробашч. Ён пералічыў тую працу, якую ўдалося зрабіць у парафіі. Былі выразаныя дрэвы на могілках, праводзілася іх добраўпарадкаванне. Таксама значна змянілася і папрыгажэла тэрыторыя вакол касцёла. Былі адрамантаваныя фасад і дах святыні, зроблены рамонт унутры. Над галоўным алтаром быў зроблены прыгожы вітраж Святога Духа, адноўлены абраз і крыж у галоўным алтары.
Таксама быў праведзены рамонт у парафіяльным доме, плябаніі і закрыстыі. Аказвалася дапамога для інвалідаў і шматдзетных сем’яў. Вядома, не ўсё задуманае ўдалося скончыць. Так, яшчэ не закончаны знешні рамонт святыні, працы па яе афарбоўцы праведзеныя напалову. Але ксёндз Раман выказаў спадзяванне, што гэтыя працы будуць скончаныя пры новым пробашчу.
Яшчэ адным дасягненнем ксяндза Рамана можна назваць той факт, што вуліцы ў Параф’янаве займелі хрысціянскія назвы. Гэта вуліцы Касцельная, Будслаўская, Кальварыйская, кс. Мечыслава Багаткевіча. Апошняя названая ў гонар блаславёнага мучаніка, які паходзіў з гэтай парафіі.
Пробашч падзякаваў усім, хто дапамагаў яму ў служэнні тут, у Параф’янаве, і папрасіў прабачэння ў тых, каго, магчыма, пакрыўдзіў. “Гэтыя дзесяць гадоў праляцелі для мяне, як адзін дзень”, – адзначыў ён. Таксама ён узгадаў, што менавіта тут, у Параф’янаве, у 2007-м годзе прымаў дыяканскае пасвячэнне.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч таксама падзякаваў ксяндзу Раману за яго служэнне і папрасіў вернікаў дастойна прыняць свайго новага пробашча ксяндза Уладзіміра Шымковіча. А ксёндз Раман Мурзіч пасля Параф’янава будзе служыць у парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
