15 мая ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шчучыне дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў 38 вернікам (36 маладым людзям і 2 дарослым) сакрамант канфірмацыі.
Іерарх цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі тых, хто прымаў сакрамант хрысціянскай сталасці. Звяртаючыся да іх, ён заахвоціў заўсёды трымацца веры сваіх продкаў і быць гатовымі адважна штодня ёю жыць і бараніць яе.
На заканчэнне маладыя вернікі падзякавалі біскупу за ўдзелены сакрамант, а таксама выказалі падзяку святарам, якія дапамагалі ім падрыхтавацца да гэтай урачыстасці.
Да прыняцця сакраманту хрысціянскай сталасці кандыдаты рыхтаваліся два гады, удзельнічаючы ў катэхетычных занятках, набажэнствах, разнастайных рэкалекцыях і пілігрымцы ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
А. Віталій Слука SP, тэкст;
Андрэй Арціш, фота
