Ці ведаеце вы, што самая вядомая праца Альбрэхта Дзюрэра — «Рукі ў малітве» — нарадзілася з гісторыі самаахвярнасці і ўдзячнасці паміж двума братамі? Гэтая гісторыя, якой ужо больш за 450 гадоў, дагэтуль кранае сэрцы людзей па ўсім свеце.
Рэдакцыя catholicnews.by прапануе ўвазе чытачоў пераклад артыкула з польскага партала Aleteia, які распавядае пра незвычайны лёс вядомай карціны і яе стваральніка.
Выпадковая сустрэча ў цягніку
Нядаўна, едучы цягніком на Мазуры, я размаўляла з маладым чалавекам па імені Адам, які здаваўся крыху бунтаўніком. Ужо з першых слоў ён сказаў мне, што насамрэч шукае сэнс свайго жыцця, а шматлікія татуіроўкі і ўпрыгажэнні, якія ён насіў, таксама былі гэтаму праявай. Сярод татуіровак я ўбачыла знаёмы сімвал — «Рукі ў малітве». Прыемна здзіўленая, я спытала, чаму менавіта гэты вобраз ён вырашыў вытатуіраваць. І тады мой спадарожнік расказаў мне сваю гісторыю.
— Нядаўна мая бабуля Зося адышла ў Дом Айца. Яна была сапраўды сціплай, але пры гэтым цудоўнай — і, як для мяне, незвычайнай — асобай. Такім маім святлом з ранняга дзяцінства, якое было для мяне цяжкім. Перыяд уваходжання ў дарослае жыццё таксама не быў лёгкім. — Бабуля заўсёды была сардэчнай, усмешлівай і проста добрай, нягледзячы на цяжкую працу дома (выхаванне пяцёх дзяцей, а потым дапамога ў выхаванні ўнукаў) і працу ў полі. Яна была прыгожай жанчынай, але з гадамі час даваў пра сябе знаць, што было відаць на яе далонях. Вельмі папрацаваных, але заўсёды гатовых да супольнай, сямейнай малітвы днём і ўначы. Над яе ложкам — і гэта я памятаю да гэтага часу — вісеў абразок, які бабуля называла «рукі ў малітве», — падзяліўся Адам.
Сямейная гісторыя братэрскай любові
Сапраўды, я таксама ведаю гэтыя рукі. Думаю, многія з нас таксама. Але ці ведаем мы кранальную сэрца і ўяўленне гісторыю, звязаную са стварэннем гэтага вобраза? Гэтая гісторыя сягае XV стагоддзя і распавядае пра сціплую сям’ю: бацькоў і іх васямнаццаць дзяцей, якія жылі непадалёк ад Нюрнберга. Бацька сям’і, які быў ювелірам, працаваў па некалькі гадзін штодня, каб пракарміць сям’ю. Альбрэхт і Альберт, двое старэйшых дзяцей, марылі развіваць свае мастацкія таленты, якія яны ўнаследавалі ад бацькі. Яны не вельмі ведалі, як гэта зрабіць, бо разумелі, што бацькі не змогуць аплаціць навучанне ў Нюрнбергскай акадэміі. Паводле падання, хлопчыкі вырашылі, што адзін з іх пойдзе вучыцца і зможа рэалізаваць сваю мару, а другі будзе цяжка працаваць, каб зарабіць грошы на навучанне. Толькі хто павінен быў ісці за марай, а хто працаваць? Хлопчыкі вырашылі, што дастаткова кінуць манету. Так і здарылася. Адзін з іх пайшоў у шахту і пачаў аплачваць вучобу другога. Яны дамовіліся, што калі брат скончыць вучобу, ён будзе аплачваць вучобу брата, які працуе, магчыма, з продажу сваіх прац або ўладкаваўшыся таксама ў шахту. Аказалася, што братам, якому пашанцавала вучыцца ў Акадэміі ў Нюрнбергу, быў Альбрэхт Дзюрэр, пазнейшы знакаміты жывапісец, графік і рысавальнік.
Альбрэхт Дзюрэр і яго рукі ў малітве
Альберт на працягу 4 гадоў працаваў нястомна ў шахце, у небяспечных умовах. Дзякуючы гэтаму ён мог аплачваць вучобу свайго брата — як пазней аказалася, вельмі здольнага — чые карціны і гравюры былі заўважаны і ацэнены многімі аматарамі мастацтва. Дзякуючы гэтаму Альбрэхт мог прадаваць свае працы, каб атрыманыя такім чынам фінансавыя сродкі перадаваць сям’і і адкладваць на вучобу для брата…
Калі малады мастак вярнуўся ў сваю родную мясціну, бацькі прыгатавалі для яго ўрачысты абед, каб адсвяткаваць заканчэнне вучобы Альбрэхта і яго вялікія мастацкія поспехі. Калі сям’я радавалася сустрэчы, Альбрэхт устаў са свайго ганаровага месца за сталом і ўзняў тост за свайго брата, дзякуючы за яго цяжкую і небяспечную працу ў шахце, пыр дапамозе якой ён мог ажыццявіць свае мары. Дзякуючы Альберту за дапамогу, ён сказаў, што цяпер той можа вучыцца на запаветным кірунку — жывапісе ў Акадэміі мастацтваў Нюрнберга, бо нарэшце ёсць такая фінансавая магчымасць.
Сіла братэрскай любові
Узрушаны да слёз Альберт устаў за сямейным сталом і, выціраючы твар знішчанымі далонямі, сказаў, што, на жаль, гэта ўжо немагчыма, каб гэтую юнацкую мару ажыццявіць. Ён сказаў, што цяжкая праца ў шахце дэфармавала яго рукі да такой ступені, што ён нават не ў стане ўтрымаць келіх, каб узняць тост, не кажучы ўжо пра тое, каб маляваць пэндзлем карціны ці алоўкам эскізы. Ён дадаў, што, аднак, радуецца, што яго мары ажыццявіліся ў яго браце.
Каб падзякаваць Альберту за ўсю яго ахвярнасць і самаадмову, Альбрэхт намаляваў знішчаныя рукі свайго брата з пальцамі, накіраванымі ўверх. Гэтую незвычайную працу мастак назваў «Рукі», але з пакалення ў пакаленне кранальны вобраз называюць усе «Рукі ў малітве».
Ад тых падзей прайшло больш за 450 гадоў. Ва ўсім свеце знаходзяцца карціны, алоўкавыя і вугальныя эскізы, а таксама акварэлі, гравюры і медзярыты Альбрэхта Дзюрэра. Аднак большасць людзей ведае толькі адну гэтую працу — «Рукі ў малітве» — і звязаную з ёй незвычайную гісторыю пра сілу братэрскай любові і сяброўства.
Івона Флісікоўска
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!