Рух «Сужэнскія сустрэчы» запрашае сем’і і духоўных асобаў на рэкалекцыі ў Рось

З 19 па 21 мая ў Росі (рэкалекцыйны дом “Голас Айца”) адбудуцца рэкалекцыі для сужэнцаў і духоўных асобаў, арганізаваныя рухам “Сужэнскія сустрэчы”.

Запрашаюцца сем’і і духоўныя асобы найперш з Гродна і Гродзенскай вобласці, а таксама з усёй Беларусі. Колькасць месцаў абмежавана. Папярэдні запіс абавязковы. Наступныя рэкалекцыі для сужэнцаў адбудуцца толькі восенню, таму арганізатары заахвочваюць выкарыстаць магчымасць удзелу зараз.

Унікальная аўтарская праграма рэкалекцый амаль 20 гадоў дапамагае сужэнцам з Беларусі не толькі выходзіць са шматлікіх крызісаў сужэнскага жыцця, але і далей паглыбляць свае адносіны, абнаўляць пачуцці, рабіць крокі насустрач адно аднаму, сваім дзецям, блізкім і іншым людзям. Духоўныя асобы ўдзельнічаюць у рэкалекцыях па сваёй унікальнай праграме ў дыялогу з Богам.

Праграма рэкалекцый больш за ўсё падыходзіць:

  • сем’ям, якія перажываюць крызіс у розных сферах і, можа, нават не вераць, што ёсць выйсце;• сем’ям, якія маюць трывалыя добрыя адносіны, але разумеюць, што пра адносіны важна ўвесь час клапаціцца, бо ад гэтага залежыць іх развіццё і ўмацаванне;
  • сем’ям, якія толькі пачалі свой шлях і жадаюць закласці трывалы падмурак, на якім можна будаваць і развіваць свае маладыя адносіны;
  • духоўным асобам, якія хочуць развіваць свой дыялог і адносіны з Богам і іншымі людзьмі.

Рух “Сужэнскія сустрэчы” на рэкалекцыях прапануе канкрэтны інструмент – дыялог, які ўдзельнікі пасля змогуць самастойна выкарыстоўваць у штодзённасці, каб будаваць адносіны не толькі паміж сабою, але і з дзецьмі, роднымі, калегамі і іншымі людзьмі.

Некалькі сведчанняў ад удзельнікаў рэкалекцый:

“Мы ўжо былі эмацыйна далёка адно ад аднаго. У нас за плячыма чатырнаццаць гадоў жыцця пад “маскай”. Я здабыла ўнутраны спакой і надзею, што нашу сям’ю можна ўратаваць. Мы з’язджаем з рэкалекцый з гэтай надзеяй”.

“Апошні год стала так шмат клопатаў, што не знаходзілі час нават на размовы. Адчувала адзіноту. Было страшна. Вельмі хацела сюды патрапіць. Пасля адноўленага дыялогу вяртаюся з пачуццём надзеі, лёгкасці, не адчуваю страху. Ёсць упэўненасць, што з усім справімся”.

“Тут з’явілася новае ў развіцці нашых адносін. Больш стаў паважаць і разумець сваю жонку. Зрабілі поўную рэвізію адносін і выйшлі на новы ўзровень узаемаразумення. Забіраем каштоўны досвед зносін дадому”.

“Мы ажаніліся пяць месяцаў таму. Для нас вельмі каштоўным аказаўся досвед удзелу. Шмат новага адкрылі ў сваіх маладых адносінах. Адчуваем сябе моцнымі. Мы разумеем, што клопат аб адносінах таксама павінен быць запланаваны”.

Рэкалекцыі пачынаюцца ў пятніцу 19 мая ў 18.00, заканчваюцца ў нядзелю 21 мая каля 15.00.

У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абаіх сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.

Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.

Адрас: Гродзенская вобл., Ваўкавыскі р-н, г/п Рось, вул. Чырвонаармейская, 12.

Запіс па тэлефоне: +375 29 652 11 44

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі