З кожным годам усё больш пілігрымаў прыязджае ў вёску Росіца, каб ушанаваць памяць блаславёных айцоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.
Сёлета 20 лютага росіцкі касцёл Святой Тройцы быў запоўнены не толькі мясцовымі вернікамі, а і пілігрымамі з Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і нават Брэсцкай абласцей. Брэсцкія пілігрымы праехалі адлегласць больш за 600 кіламетраў, каб з’яднацца ў святой Імшы з іншымі вернікамі, святарамі і сёстрамі законнымі і прасіць аб заступніцтве блаславёных айцоў.
Упершыню ў Росіцы сабралася так шмат духавенства, бо менавіта 20 лютага адбылася яшчэ сустрэча духавенства і законных сясцёр Віцебскай дыяцэзіі са сваім Ардынарыем.
Узначаліў святочную Эўхарыстыю біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, на ўрачыстасці прысутнічаў і Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей Гаек. На самым пачатку іерарх прывітаў усіх прысутных і адзначыў, што «сёння ў Росіцы мы завяршаем таксама Год Кансэкраванага жыцця».
Падчас Імшы быў асвечаны абраз блаславёных пакутнікаў Юрыя і Антонія, які напісаў Валерый Шчасны. Біскуп Алег асвяціў яго. Гэты абраз будзе аздабляць касцёл у Верхнядзвінску.
Пасля Эўхарыстыі словы ўдзячнасці і віншаванняў з нагоды Прэзідэнцкай прэміі апекуну Росіцкага санктуарыя а. Чэславу Курэчке скіравалі прадстаўнікі пілігрымак з Глыбокага, Мёраў, Мінску, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады.
Пасля Імшы людзі ў працэсіі накіраваліся да «Пляцу пакутнікаў», дзе падчас карнай аперацыі былі спаленыя святары разам з мясцовымі жыхарамі. Пілігрымы прайшлі крыжовы шлях дарогай смерці, якой ішлі росіцкія пакутнікі ў час Другой сусветнай вайны. Нягледзячы на вялікі вецер і снег, пілігрымы некаторы час затрымаліся на Пляцы, каб адараваць крыж і ўзнесці свае малітвы.
Нагадаем, падчас росіцкай трагедыі нацыстамі былі спаленыя каля паўтары тысячы мясцовых жыхароў і ксяндзы Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч, якія адмовіліся пакідаць сваіх парафіянаў. Антыпартызанская карная аперацыя адбылася ў лютым 1943 года і мела назву «Зімовы цуд». У ёй удзельнічалі латышскія, літоўскія і ўкраінскія паліцэйскія батальёны, а таксама рота СС.
Пасля ўрачыстасці святары і манахіні сабраліся ў святыні на спатканне з біскупам, а ўсіх пілігрымаў чакаў смачны і гарачы абед у мясцовым клубе, як заўсёды прыгатаваны з любоўю мясцовымі вернікамі.
Айцец Чэслаў ужо запрашае ўсіх на Свята буслоў, якое ўпершыню адбудзецца 30 красавіка, а таксама жанчын на спатканне 7 мая 2016 года.
Таццяна Смоткіна, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа