Росіцкі святар плануе правесці… свята буслоў

Лаўрэат прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» — пробашч парафіі Святой Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна а. Чэслаў Курэчка сустрэўся з карэспандэнтам газеты “Звязда” Аляксандрам Пукшанскім і падзяліўся сваімі ўражаннямі і планамі на будучыню.

Суразмоўца спачатку размовы ніяк не мог успомніць, якім чынам даведаўся пра высокую ўзнагароду. Хто першы паведаміў: райвыканкам або Віцебская дыяцэзія?.. Потым радасна сказаў, што яго парафіяне парадавалі. Па тэлевізары яны ўбачылі адпаведны сюжэт.

— Так, гэта была нечаканая навіна. Тэлефануюць і кажуць, што ў эфіры маё прозвішча згадалі. Падумаў: Росіца ж, дзе мо і 200 жыхароў не набярэцца, у самым кутку Віцебскай вобласці, недалёка ад Латвіі. Але такая да яе ўвага ў маёй асобе на прэзідэнцкім узроўні! Бачу ў гэтым Божую волю! — распавядае ксёндз Чэслаў.

Святар сціпла адзначыў, што заслуга не яго аднаго. Ён, у прыватнасці, сказаў: «Напэўна, наверсе — там лепш відаць, хто павінен прымаць узнагароду. Я — звычайны чалавек, святар. Працую з людзьмі, люблю зямлю беларускую і людзей гэтай зямлі. Напэўна, ацанілі маю дзейнасць за тое, што многае зрабіў».

Прыгажосць каля касцёла ў Росіцы часта параўноўваюць з тым, што зроблена ў Мосары (Глыбоцкі раён). Ксёндз Ёзас Булька паказаў добры прыклад іншым. Айцец Чэслаў распавёў, што калі працаваў у глыбоцкім раёне, то сябраваў з кс. Булькам, і цяпер змагаецца з п’янствам, але не так грунтоўна: забарона на продаж спіртнога ў Росіцы не практыкавалася. Святар індывідуальна працуе з залежнымі, пераконвае іх і моліцца.

Ксёндз прызнаўся карэспандэнту, што нарадзіўся 1 красавіка 1960 года. Як вынік, сказаў, у яго багатая фантазія. Вольнага часу мала, таму ў цёплы час года ўстае, як кажуць, з пеўнямі, а кладзецца спаць позна ноччу. А калі ёсць час, любіць марыць. І прыкладвае ўсе намаганні, каб рэалізаваць задуманае.

На пытанне журналіста наконт таго, на што патраціць прэміяльныя, а. Чэслаў адказаў, што і на добраўпарадкаванне вёскі таксама. Па яго ініцыятыве з’явіўся штучны вадаём, які вернікі называюць возерам Надзеі. Гавораць, яно выконвае жаданні, калі яны шчырыя.

Сярод розных мерапрыемстваў, якія святар збіраецца ажыццявіць, задумаў арганізаваць… свята буслоў. Ён распавёў падрабязна, як асабіста падрыхтаваў «будаўнічыя матэрыялы», каб птушкі звілі гнёзды. Шкадаваў, што буслоў летась прыляцела меней, чым звычайна.

— Вельмі хачу, каб у касцёле дзейнічаў арган! Было б вельмі добра аднавіць храм у выглядзе, які ён меў у 1911 годзе. Тады яго высокія вежы былі відаць здалёк, нават у Латвіі. Савецкія ўлады распарадзіліся зруйнаваць вежы, каб тыя не сталі цэллю для абстрэльвання з-за мяжы… Трэба зацікавіць патэнцыйных фундатараў, — разважае ксёндз Чэслаў.

Насамрэч, было б цудоўна, каб добрыя людзі дапамаглі вярнуць былую прыгажосць храму, пабудаванаму 105 гадоў таму!

Святар вельмі здзівіў карэспандэнта, калі паскардзіўся на недахоп свабоднай зямлі. У адным боку ад касцёла — людзі жывуць, у другім — сельскагаспадарчыя землі… Задумаў ачысціць балота. Хоча сосны высадзіць, валун устанавіць, каб памятную шыльду на ім замацаваць пра падзеі мінулага.

Паводле матэрыялаў газеты “Звязда”

для друку для друку