3 снежня адбылося ўрачыстае ўнясенне ў рымскую базыліку св. Барталамея на востраве Тыбэртына рэліквій благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка – сясцёр Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якія аддалі жыццё падчас Другой сусветнай вайны.
Як паведамляе польская рэдакцыя партала Vatican News, з гэтай нагоды на табэрнакулюм у базыліцы св. Барталамея быў ускладзены вэлюм, які быў вышыты адной з мучаніц і выкарыстоўваўся супольнасцю навагрудскіх назарэтанак. Гэтая базыліка з’яўляецца санктуарыем новых мучанікаў ХХ-ХХІ стагоддзяў.
Навагрудскія назарэтанкі былі расстраляны нацыстамі 1 жніўня 1943 г., аддаўшы жыццё за вызваленне 120 чалавек, асуджаных на смерць.
Ва ўрачыстай цырымоніі ўнясення рэліквій ўзялі ўдзел назарэтанкі з розных краін. Нашу краіну прадстаўлялі настаяцельніца Беларускай правінцыі назарэтанак с. Філатэя Ціхановіч CSFN i с. Віргінія Хацян CSFN. На цырымоніі прысутнічалі шматлікія вернікі.
Біскуп Амброджо Спрэафіка, які ўзначаліў цырымонію, сказаў пра навагрудскіх мучаніц: “Іх прыклад у часы, калі здавалася, што пануюць вайна і насілле, заклікае нас супрацьстаяць несправядлівасці, будаваць свет, у якім мы будзем жыць не як ворагі, а як браты і сёстры”.
“Гэтыя сёстры ахвяравалі сваё жыццё, каб іншыя маглі жыць. Нянавісць да ўсяго хрысціянскага абрынулася на гэтых безабаронных законніц. Яны былі моцнымі толькі дзякуючы сваёй малітве”, – дадаў іерарх.
Генеральная настаяцельніца супольнасці назарэтанак с. Анджэла Марыя Мадзэо CSFN падзякавала прысутным за тое, што яны прыбылі на гэтую ўрачыстую падзею, каб “ушанаваць ахвяру навагрудскіх мучаніц, а таксама іх сведчанне надзеі на жыццё, якое не мае канца”.
Гісторыя Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта бярэ пачатак у 1873 г., калі Папа Пій IX удзяліў апостальскае благаслаўленне на існаванне гэтай новай манаскай супольнасці. Заснавана кангрэгацыя была ў першую нядзелю Адвэнту 1875 г. у Рыме бл. Францішкай Сядліскай, такім чынам яна адзначыць 150-гадовы юбілей.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
для друку