18-19 кастрычніка 2020 г. больш за паўмільёна дзяцей з 136 краін, у тым ліку і з Беларусі, далучыліся да малітоўнай акцыі Папскага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News.
Лічыльнік на сайце кампаніі «Мільён дзяцей моляцца на Ружанцы», дзе рэгістраваліся малітоўныя групы і сем’і, спыніўся на лічбе 509 777. На жаль, тысячы людзей не змаглі зарэгістравацца з прычыны кібератакі за два дні да падзеі.
Паводле дадзеных Папскага фонду, большасць удзельнікаў паходзіць з Польшчы і Мексікі, за імі ідуць Славакія, Індыя і Філіпіны. Дзеці маліліся, у прыватнасці, у Майдугуры на паўночным усходзе Нігерыі – рэгіёне, моцна пацярпелым ад нападаў Бока Харам, у Арменіі – краіне, у якой пануе ваеннае становішча, у Беларусі – дзе вось ужо трэці месяц ідзе палітычнае супрацьстаянне.
Ініцыятыва «Мільён дзяцей моляцца на Ружанцы» нарадзілася ў венесуэльскім Каракасе ў 2005 г. Падчас малітвы групы дзяцей у прыдарожнай капліцы некалькі жанчын, якія суправаджалі іх, адчулі глыбокую прысутнасць Дзевы Марыі. Потым яны ўзгадалі абяцанне св. Падрэ Піо: «Калі мільён дзяцей моліцца на ружанцы, свет змяняецца».
Чарговы этап ружанцовай кампаніі запланаваны на 18 кастрычніка 2021 г.
