З 16 па 18 жніўня 2024 года ў рэкалекцыйным доме пры парафіі Святога Міхаіла Арханёла ў г. Навагрудку прайшлі духоўныя практыкаванні для мужчын на тэму «Вера – ад пачутага, а пачутае -праз слова Хрыста (Рым 10,17).
Рэкалекцыі праводзіў ксёндз Віталь Сідорка, пробашч парафіі св. Юзафа Цесляра і благаслаўлёных Мучаніц з Навагрудка ў Лідзе. Айцец-рэкалекцыяніст падзяліўся з мужчынамі разважаннямі на паставе даследавання Паслання святога Апостала Паўла да Рымлянаў:
- Вельмі важна рэгулярна разважаць над Словам Божым, чытаць духоўную літаратуру, а таксама слухаць канферэнцыі святароў;
- Неабходна прыняць у сэрцы Радасную вестку – Евангелле і дазволіць яму ўкараніцца;
- Хрысціянін павінен прыносіць штодзённы плён – вызнаваць уласнымі словамі і справамі Евангелле ў сваім жыцці.
Шчырае прыняцце волі Бога ў Яго Слове гарантуе пачатак новых узаемаадносін з роднымі і блізкімі людзьмі, пачатак сапраўднага Новага Жыцця.
Удзельнікі духоўных практыкаванняў знайшлі таксама час на сумесную малітву, даверныя гутаркі за кубачкам кавы, настольныя гульні. Ксёндз-пробашч Юрый Жыгарын, які гасцінна прыняў мужчын, правёў для іх займальную экскурсію па касцёле Святога Архангела Міхаіла (уключаючы яго падземную частку і старадаўнія крыпты).
Пасля такой сутрэчы так і хочацца сказаць словамі псальму: «Як добра і як прыемна быць братам разам!»
для друку