Рэкалекцыі для юнакоў, якія шукаюць сваё пакліканне, прайшлі ў Гродзенскай семінарыі

З 27 па 29 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для юнакоў і міністрантаў, якія знаходзяцца на шляху пошуку свайго паклікання.

Па традыцыі ўдзельнікі гэтых восеньскіх рэкалекцый правялі некалькі дзён разам з семінарыстамі згодна з асноўным распарадкам дня гэтай навучальнай установы, які рэгулюе штодзённае жыццё ў месцы фармацыі будучых святароў.

Рэкалекцыі распачаліся адметным чынам. У іх першы дзень, які сімвалічна супаў з патранальным святам семінарыйнай супольнасці – святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, – неапрэзбітэр Андрэй Юхнік, для якога гродзенская семінарыя на працягу пяці гадоў была Alma Mater, цэлебраваў у яе капліцы прыміцыйную святую Імшу. Новапасвячаны прэзбітэр заахвоціў семінарыстаў і ўдзельнікаў рэкалекцый да адвагі і пільнага захоўвання сваёй хрысціянскай свядомасці, згодна са сваім пакліканнем, а таксама ўдзяліў кожнаму індывідуальнае прыміцыйнае благаслаўленне.

Юнакі наведалі пустэльню і касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі і св. Юрыя ў вёсцы Пералом, якую называюць калыскай ордэна капуцынаў. У гэтым месцы распачалося служэнне братоў капуцынаў і знаходзіўся іх першы ў Беларусі кляштар.

Міністрант пакліканы быць сведкам Езуса ўсюды і кожны дзень – не толькі ў касцёле пры алтары, але і на вучобе, дома, падчас сустрэч з сябрамі і аднагодкамі. Таму, акрамя духоўных практыкаванняў, праграма рэкалекцый уключала час на сустрэчы са старэйшымі семінарыстамі – магчымасць для развіцця чалавечай фармацыі. Старэйшыя студэнты семінарыі падзяліліся сведчаннем свайго паклікання і жыццёвага шляху, які прывёў іх у дом фармацыі будучых святароў Езуса Хрыста.

Наведванне музейных экспазіцый і старога замка, помніка архітэктуры Рэнесансу, пабудаванага для караля Стэфана Баторыя ў XVI стагоддзі, стала для юнакоў нагодай да паглыблення знаёмства з культурнай спадчынай.

Скончыліся рэкалекцыі ў нядзелю ўрачыстай Імшой сумай у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Дні, праведзеныя ў семінарыі, сталіся для ўдзельнікаў магчымасцю пашырыць свае веды аб гісторыі Касцёла, семінарыйнай фармацыі, а для тых з іх, якія з’яўляюцца міністрантамі, – натхненнем да яшчэ больш стараннага служэння ў родных парафіях.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі