Калі Езус быў у пэўным месцы і маліўся, і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў.
Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце:
Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,
няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння,
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,
і не ўводзь нас у спакусу.
Затым сказаў ім: Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: Дружа, пазыч мне тры боханы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, а ў мяне няма чаго даць яму. А той знутры скажа яму ў адказ: Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму з-за таго, што той сябра ягоны, то з-за настойлівасці ягонай устане і дасць яму, колькі патрабуе.
І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць.
Калі ў нейкага з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той падасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго.
У Евангеллі мы заўважаем, што Езус моліцца. Наш Настаўнік сам дае нам прыклад адносін з Богам Айцом. Апосталы задаюцца пытаннем, а якая форма малітвы найлепшая? Езус дае падказку. Перш-наперш у малітве варта весці дыялог з Богам, які вельмі блізка. Бог Айцец – гэта Бог, які свой, блізкі і родны. Не далёкі, а лёгка дасяжны. Па-другое, размаўляючы з Богам, варта памятаць пра адсутнасць у сэрцы прагі помсты. Малітва мусіць быць спалучаная з прабачэннем. Сучасны свет мае якраз такі гэтую балючую хваробу: нежаданне прабачаць і ісці на кампраміс. Адгэтуль пачынаюцца ўсе войны, канфлікты і непаразуменні паміж паасобнымі людзьмі і паміж народамі. Па-трэцяе, Езус заахвочвае нас прасіць аб штодзённым хлебе. Айцы Касцёла ўказваюць нам на падвойнае значэнне гэтага хлеба. Тут маецца на ўвазе, як хлеб-ежа, неабходны для фізічнага існавання чалавека, так і як Хлеб-Эўхарыстыя, якая дае вечнае жыццё. Прыкметай добрай малітвы з’яўляецца яе пастаянства. Няхай у нашым жыцці заўсёды знойдзецца час і жаданне на малітву. Сам Езус дае нам прыклад гэтага.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку