Езус сказаў сваім вучням: Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства. Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны. Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».
Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?» Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны эканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: “Не хутка гаспадар мой прыйдзе”, і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца, то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. Адлучыць яго і вызначыць яму лёс з нявернымі.
А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.
У Евангеллі Езус заахвочвае сваіх вучняў паклапаціцца пра сваю будучыню ў іншай, нябеснай рэальнасці. Сучасны чалавек вельмі любіць збіраць матэрыяльныя даброты, купляць і будаваць маёмасць на зямлі. Для таго, хто пайшоў следам за Хрыстом, мусіць быць актуальны толькі адзін прынцып: Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць. У першую чаргу гэтая інструкцыя датычыць канешне духавенства: святароў і біскупаў. Але і пра звычайнага верніка таксама можам сцвердзіць падобнае. Важна, каб мы заўсёды вучыліся на першае месца ставіць Божыя справы і Божую волю. Калі гэта нам удасца, то і ўсё іншае стане на сваё адпаведнае месца. Бывае, што чалавек наракае на адсутнасць часу. Шмат працы, абавязкі ў сям’і, стомленасць. Варта паспрабаваць зрабіць пэўны эксперымент: ахвяраваць Богу больш свайго часу. Гэта можа быць штодзённы ўдзел у св. Імшы, ці малітва чытаннем Св. Пісання, напрыклад. У такім выпадку напэўна Бог узнагародзіць і на ўсё будзе хапаць часу.
Езус заклікае нас быць чуйнымі, не расцярушваць наш розум і волю на спакусы гэтага свету. Таму што ад гэтага залежыць нашая будучыня. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.
Святы Аўгусцін, разважаючы над агромністай адказнасцю перад Богам у адным са сваіх казанняў сказаў: Я ў жаху ад таго, што я для вас, [але] мяне суцяшае тое, што я з вамі. Для вас я біскуп, з вамі … я — хрысціянін. Першае з’яўляецца назвай прынятых абавязкаў, другое — імя ласкі; тое азначае небяспеку, гэта — збаўленне.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку