Разважанне на Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Год В. 30 мая

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц  28, 16–20

У той час:

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім:

Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку.

Дактрына пра Найсвяцейшую Тройцу не акрэслена ў Святым Пісанні так, як мы знаходзім яе ў сучасным Каталіцкім Катэхізісе. Падрабязна яна была выпрацавана толькі ў IV і V ст.ст. пасля Нараджэння Хрыста. Аднак сёння мы чытаем пра выразны наказ Езуса вучням: Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Старт у духоўным жыцці адбываецца менавіта з сакраманту хросту, які ўдзяляецца ў імя Святой Тройцы. Невыпадкова, што гэты наказ гучыць якраз у Галілеі – там, дзе пачалася місія Хрыста. Цяпер час прапаведавання толькі Ізраэлю завершаны. Перад апосталамі стаіць іншае заданне: ісці і навучаць усе народы, вучыць іх захоўваць усё, што загадаў Езус.

Каб падбадзёрыць вучняў, Настаўнік кажа: І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку. Ён не развітваецца так, як гэта робім мы, калі пакідаем некага. Езус абяцае нам сваю падтрымку, сваю прысутнасць. Як гэта важна: жыць у прысутнасці Госпада! У нас, бывае, перамагае такая спакуса аддалення Бога са свайго жыцця: маўляў, няхай Ён пабудзе дзесьці там, далей ад маіх штодзённых спраў, я паспрабую неяк сам справіцца. Не! Якраз-такі важна, каб Бог пасяліўся ў маім жыцці і заняў там першае, самае галоўнае месца!

Разважанні падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку