Разважанне на ІІ Звычайную Нядзелю. Год С. 16 студзеня

Евангелле Ян 2, 1-12

У Кане Галілейскай было вяселле і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама і Езус, і вучні Ягоныя. І, калі не хапіла віна, Маці Езуса сказала Яму: Не маюць віна. Адказаў Ёй Езус: Жанчына, ці гэта Мая або Твая справа? Яшчэ не прыйшоў час Мой. Маці Яго сказала слугам: Тое, што Ён скажа вам, зрабіце. Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры. Езус сказаў: Напоўніце збаны вадою. І напоўнілі іх даверху. І кажа ім: Цяпер зачэрпніце і занясіце кіраўніку вяселля. І панеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў ваду, што стала віном, — і не ведаў, адкуль яно ўзялося, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, — то паклікаў жаніха і кажа яму: Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль. Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя. Пасля гэтага прыйшоў Ён у Кафарнаум, Ён сам і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.

Цікава, што евангеліст не ўпамінае імёнаў жаніха і нявесты на вяселлі ў Кане. Чаму? Адказ відавочны. Яны ў гэтым канкрэтным евангелічным урыўку не з’яўляюцца галоўнымі героямі, хоць у звычайных абставінах канешне якраз маладыя знаходзяцца ў цэнтры ўвагі ўсіх. Евангеліст Ян хоча нам указаць на Езуса і Марыю. Марыя прадстаўляе Езусу вясельную праблему: не хапае віна. І затым Яна кажа слугам: Тое, што Ён скажа вам, зрабіце. Маці Божая тут сімвалізуе Касцёл, які дзейнічае такім жа чынам. Касцёл прадстаўляе нашыя просьбы Богу, з’яўляецца пасрэднікам у гэтым дыялогу. І Касцёл кажа, што нам трэба зрабіць, каб атрымаць Божую дапамогу.

Цікава, што для таго, каб стаўся цуд у Кане, неабходнае супрацоўніцтва слугаў. Яны павінны напоўніць збаны даверху. Бог хоча нашага рашучага і руплівага супрацоўніцтва. І хіба гэта не цікава і не захапляльна быць супрацоўнікам самога Бога?.. Колькасць віна, якое Езус падарыў гаспадарам і гасцям вяселля ўражвае. Гэта ні многа ні мала 500 літраў. Наўрадці людзі патрабавалі аж столькі, тым больш што вяселле ўжо ішло сваім ходам. Як у выпадку з размнажэннем хлеба бачым, што Езус не шкадуе людзям сваіх дароў. Бог калі дае сваю ласку, то дае яе аж даверху, так як былі напоўненыя збаны ў Кане.

Падумаю і паразважаю над сваім жыццём, стараючыся ўспомніць тыя моманты, калі Бог адарыў мяне сваімі ласкамі найбольш адчувальна і поўна. Падзякую Яму за Ягоныя дары.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку