Разважанне на ІІ Велікодную нядзелю. Год В

Евангелле Ян 20, 19–31.

“Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.

І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае”.

Евангелле гэтай нядзелі пачынаецца словамі: “Калі быў вечар”. Згадаем разважанне Папы Францішка, якое ён прачытаў 27 сакавіка 2020 г. на бязлюднай плошчы Святога Пятра, у момант надзвычайнай малітвы падчас час эпідэміі каранавірусу: “Калі настаў вечар” (Мк 4,35). Так пачынаецца Евангелле, якое мы пачулі. Вось ужо некалькі тыдняў усім нам здаецца, што настаў вечар. Цемра згусцілася над нашымі плошчамі, вуліцамі і гарадамі; яна завалодала нашым жыццём, напаўняючы ўсё аглушальнай цішынёй і бязлюднай пустэчай, якая паралізуе ўсё на сваім шляху: гэта адчуваецца ў паветры, у жэстах і поглядах… Падобна да вучняў з Евангелля, нас заспела знянацку нечаканая і лютая навальніца”.

Сённяшняе Евангелле яшчэ падкрэслівае і страх вучняў — “вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі”. Але заўважым і іншую рэч, мы знаходзімся ў вечары “таго першага дня тыдня”, у дзень Уваскрасення і аб’яўлення Уваскрослага. Евангеліст Ян толькі што закончыў апавяданне пра сустрэчу Езуса з Магдаленай. І зараз, Уваскрослы Хрыстос упершыню аб’яўляецца сваім вучням, замкнёным у вячэрніку.

І вось, праз замкнёныя дзверы, уваходзіць Езус і “стаў пасярэдзіне”. “Стаць пасярэдзіне”: гэта адзін са спосабаў, які выкарыстоўваюцца ў Новым Запавеце для апісання прысутнасці Уваскрослага Хрыста.

Першыя словы, якія скіроўвае Хрыстос да супольнасці Касцёла пасля свайго ўваскрасення, гэта словы супакою. Як піша біблііст Райманд Браўн, у каментарыі да чацвёртага Евангелля, прывітанне Езуса “спакой вам”, — гэта не простае прывітанне ці пажаданне, — гэта дар”. Гэта каштоўны дар, “які Хрыстос прапануе сваім вучням пасля таго, як прайшоў праз смерць і пекла. Гэта плён перамогі Божай любові над злом, гэта плён прабачэння” (Папа Францішак, Regina Coeli, ІІ Велікодная нядзеля, 2013).

Сёння, у Нядзелю Божай Міласэрнасці, “уваходзячы праз раны ў таямніцу Бога, мы разумеем, што міласэрнасць не з’яўляецца адной з Яго якасцей, сярод іншых, але біццём Яго сэрца. І таму, як Тамаш які паверыў, мы больш не можам жыць як няўпэўненыя, адданыя, але нерашучыя вучні; станем жа і мы сапраўднымі вучнямі закаханымі ў Пану!” (Папа Францішак, Гамілія ў ІІ Велікодную нядзелю, 2018).

Разважанне падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку