У той час:
Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?
Езус сказаў яму: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.
Мы зноў бачым, як фарысеі шукаюць, на чым бы падлавіць Настаўніка. Таму яны пасылаюць кніжніка, гэта значыць, навучэнца Закону Майсея, задаць пытанне. Адказ Хрыста поўны і даволі кароткі. Ён не займае шмат абзацаў тэксту. Трэба жыць любоўю. Святы Аўгусцін казаў: “Любі і рабі, што хочаш”. Калі ты любіш па-сапраўднаму, то ніколі не пагодзішся на зло, ніколі не зробіш грэх. У тым і заключаецца пакліканне кожнага хрысціяніна – ісці дарогай любові, узрастаць у любові. Чаму менавіта любоў? Таму што сам Бог з’яўляецца Любоўю. І Яго Валадарства – гэта Валадарства любові. Там няма нянавісці і зла.
Каб быць саўдзельнікамі гэтага Валадарства, нам неабходна пазбыцца любой прывязанасці да граху. Канешне, зрабіць сваімі сіламі гэта нікому не ўдасца. Нам неабходна Божая моц і Божая дапамога, якую мы чэрпаем з малітвы і сакрамантаў. Менавіта таму такая важная нашая прысутнасць у касцёле, важны час, прысвечаны Богу на малітве, і важныя добрыя ўчынкі. Задамо сабе пытанне: “Ці можна па маіх паводзінах заўважыць, што я люблю Бога ўсім сэрцам, розумам і душою? Ці бачна па мне, што я люблю іншых людзей, як самога сябе?” Важна таксама разумець, што любоў у хрысціянскім разуменні – гэта не эмоцыя. Любоў – гэта служэнне, гэта прысвячэнне самога сябе Богу і іншаму чалавеку.
Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
