Разважанне на 23 звычайную нядзелю. Год А. 6 верасня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 18, 15–20

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы касцёлу. А калі і касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе.

Сапраўды таксама кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх.

Урывак з Евангелля распавядае нам супольнасць. А ў супольнасці, як вядома, здараюцца розныя рэчы. Бывае і так, што хтосьці кагосьці крыўдзіць. Езус падказвае нам, як паступаць у такім выпадку. Заўважым, што ў тэксце для азначэння грэшніка Езус ужывае слова “брат”. Не вораг, не непрыяцель, не крыўдзіцель, а менавіта “брат”. Тое, што нехта зграшыў ці памыліўся ў жыцці, не азначае, што адразу яго трэба кляйміць словам “вораг”. Хрысціяне так не паступаюць. Езус заклікае ў такім выпадку прыватна дакарыць брата па-братэрску. Калі ж не паслухаецца, то трэба запрасіць аднаго або двух сведак, каб дакор меў большую моц. Застаецца яшчэ і трэці варыянт, калі грэшнік упарта трывае пры сваіх памылках. Сказаць касцёлу, супольнасці. Усе гэтыя варыянты маюць выключна пастырскі характар, і іх мэта заключаецца толькі ў выпраўленні грэшніка. Нават адносіны да яго як да мытніка і язычніка таксама пакліканы абудзіць сумленне чалавека. Мы бачым, якая вялікая моц і адказнасць супольнасці. Якая вялікая адказнасць апосталаў (а сёння – біскупаў), што маюць магчымасць звязваць і развязваць на зямлі, каб гэта было звязана або развязана ў небе. Езус таксама падкрэслівае каштоўнасць супольнай малітвы. Словы “дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх” нагадваюць нам тытул Збаўцы – “Эмануэль”, што значыць “Бог з намі”. Калі хрысціяне згодна моляцца разам, то іх малітва становіцца малітвай Хрыста, якую выслухоўвае Айцец Нябесны. Аднак ці нашыя супольнасці, нашыя парафіі – гэта месца прымірэння і прабачэння ці, можа, месца нездаровай канкурэнцыі, зайздрасці і абгавораў?

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі