Разважанне на 17 звычайную нядзелю. Год В. 25 ліпеня

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 6, 1–15

У той час:

Езус адышоў на другі бок Галілейскага або Тэберыядскага мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі.

Езус узышоў на гару і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята.

Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх? А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць.

Філіп адказаў Яму: Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху. Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму: Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы,  але што гэта для такога мноства?              

Езус сказаў: Загадайце ім сесці. А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч.

Езус узяў хлябы і, падзякаваўшы, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, сказаў вучням сваім: Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася. Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў.

Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.

Евангеліст Ян апісвае размнажэнне хлеба і рыбы, якое ўчыніў Езус, каб накарміць галодных людзей. Гэты цуд мае сувязь як з прошлым, так і з будучым. У мінулым, калі выбраны народ вандраваў па пустыні, выходзячы з Егіпецкай няволі, адзінай ежай Ізраэля была манна, якую спасылаў людзям Айцец Нябесны. Гэта дазваляла вандроўнікам не памерці з голаду. Езус робіць дакладна такі самы цуд, кормячы тысячы людзей. І што цікава, кожны мог есці столькі, колькі яму хацелася. Не было нейкіх шаляў, каб адважыць сярэднюю порцыю кожнаму, так як гэта бывае ў сучасных нашых сталовых ці рэстаранах хуткага спажывання. Не, Езус нікому не шкадуе наесціся ўдоваль. І евангеліст пацвярджае. Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў. Кожны, хто жадае атрымаць Божыя дары, атрымае іх нават з запасам. Цуд ля Тыберыядскага мора нагадвае нам пра цуд Эўхарыстыі. На кожнай св. Імшы Езус прысутнічае сярод нас рэальна пад відам хлеба і віна. Гэта ёсць самая каштоўная ежа: Цела і Кроў нашага Збавіцеля, спажываючы каторыя мы маем магчымасць жыць вечна разам з Ім. Аднак, людзі, наеўшыся дармовай ежы, няправільна зразумелі Езуса. Яны кінуліся абвяшчаць Яго сваім каралём. І мы добра бачым, як адрэагаваў Збавіцель. Ён адышоў на гару адзін. Калі чалавек штосьці робіць не па Божай волі, калі Бога трактуе як толькі выканаўцу сваіх людскіх захцянак, тады Бог адыходзіць ад чалавека. Пагэтаму плануючы сваё асабістае і грамадскае жыццё, нам заўсёды трэба ставіць сабе пытанне: ці мае ўчынкі і планы падабаюцца Езусу? Ці Яму ўтульна са мной?

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку