Разважанне на 14 звычайную нядзелю. Год В. 4 ліпеня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 6,1-6

У той час: Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе.

Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры? І сумняваліся ў Ім.

А Езус казаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім.

Таму не мог там учыніць ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іхняму бязвер’ю. І хадзіў па навакольных вёсках, і вучыў.

Чытаючы гэты ўрывак з Евангелля ў нас можа з’явіцца спантанічнае жаданне пакрытыкаваць жыхароў Назарэта за іх бязвер’е. Але не будзем спяшацца з асуджэннем, а лепш паглядзім на іншыя духоўныя аспекты. Перш на перш гэты ўрывак з Евангелля дае нам зразумець далікатнасць і пакору самога Бога. Езус, Божы Сын там блізка прыйшоў да чалавека, так шчыльна ўвайшоў ў людское жыццё, што Яго асоба нічым не адрознівалася ад Яго сучаснікаў. Ён быў сынам Марыі, цесляром. Нездарма мы ў Евангеллі чытаем словы: Слова сталася целам і пасялілася паміж намі. Бог хоча зрабіць сабе жытло ў нашым жыцці. Недастаткова успрымаць яго як вялікага Стварыцеля, Суддзю, Настаўніка. Нам трэба найперш запрасіць яго, каб Ён увайшоў ў нашае жыццё, як нехта блізкі і родны.

У папярэднія нядзелі мы шмат разважалі пра неверагодныя цуды, якія рабіў Езус у Галілеі. Адзін з гэтых цудаў – гэта нават уваскрашэнне чалавека! А што ж з родным Назарэтам? Евангеліст піша: Таму не мог там учыніць ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іхняму бязвер’ю.

Каб Бог мог учыніць цуд у маім жыцці, хопіць Яго ўспрымаць як філосафа, настаўніка, прарока. Трэба Яго прызнаць Богам. Трэба ў Яго паверыць і прыняць Яго волю. Бо інакш можа так стацца, што Езус працягне свой шлях праз навакольныя вёскі, праз навакольныя лёсы людзей, але не зойдзе да мяне. Чаму? Гэта можа адбыцца толькі тады, калі Ён будзе для мяне ўсім чым заўгодна, толькі не Богам.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку