“Разам спяваем «Gloria»”: фестываль каляднай песні прайшоў у Мёрах (+відэа)

“Хто адлучыць нас ад любові Хрыста” (Рым 8, 39). Гэтыя словы з паслання святога апостала Паўла да рымлянаў прыйшлі на думку халодным зімовым ранкам у зале мёрскага Дома культуры.

4 студзеня 2023 года дзеці і моладзь з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі прыбылі на фестываль каляднай песні “Зорка Бэтлеема”. Нягледзячы на моцны мароз і завеяныя снегам дарогі, далёкія адлегласці, удзельнікі з Мёраў і Браслава, Глыбокага і Варапаева, Полацка, Наваполацка і Віцебска, як і шмат год запар, сабраліся разам, каб праслаўляць Езуса Хрыста – уцелаўлёную, пакорную, дасканалую Любоў.

У гэтым годзе ўдзельнікі прадставілі свае конкурсныя творы ў двух узроставых катэгорыях: дзеці (да 13 год) і моладзь.

Ацэньвала выступоўцаў журы ў складзе ксяндза Сяргея Сурыновіча з Друі, а таксама сясцёр-служабнічак з Віцебска: Люцыны Мусёл і Ёнашы Мровец.

Ганаровым госцем фестывалю стаў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Словамі прывітання і падбадзёрвання ён распачаў святочны канцэрт.

Біскуп заўважыў, што сёння да анёльскіх хораў, якія ў нябёсах праслаўляюць Нованароджанага Хрыста, далучаюцца галасы дзяцей і моладзі – удзельнікаў фестывалю.

“Я жадаю Вам поспехаў не толькі зараз, на гэтай сцэне, але і ў штодзённым жыцці.” – прамовіў іерарх і ўдзяліў прысутным пастырскае бласлаўленне.

Распачалася конкурсная праграма, якая была вельмі насычанай і цікавай. Трэба адзначыць, што ўсе ўдзельнікі фестывалю рыхтаваліся да конкурсу вельмі адказна і крэатыўна. На сцэне гучалі традыцыйныя і сучасныя спевы, а таксама разнастайныя жывыя інструменты: сінтэзатар, укулеле, гітара, цымбалы, скрыпка. Кожны гурт і саліст дзяліўся сваімі талентамі, ствараючы сапраўдны святочны настрой, дух каляднай казкі і праслаўлення Хрыста.

Асабліва хочацца адзначыць, што разам з выступоўцамі прыехалі з розных гарадоў і групы падтрымкі, якія не шкадавалі сваіх апладысментаў, усмешак і добрых слоў.

Пасля завяршэння конкурснай праграмы распачалася цырымонія ўзнагароджвання.

Трэба сказаць, што дзякуючы дабрачыннай арганізацыі “Карытас”, мёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі на чале з ксяндзом пробашчам Андрэем Куліком і курыі Віцебскай дыяцэзіі, кожны ўдзельнік вяртаўся дадому з падарункам.

Завяршыўся фестываль супольным здымкам удзельнікаў з біскупам Алегам Буткевічам, а таксама смачным абедам.

На думку журы ў сваіх намінацыях лепшымі сярод моладзі сталі:

У намінацыі “Сола”:

  1. Кацярына Дземідовіч (Глыбокае)
  2. Ульяна Казаровец (Варапаева)

У намінацыі “Гурт”:

  1. Моладзь з парафіі Святой Тройцы (Глыбокае)

У намінацыі “Інструментальная творчасць” – Шамёнак Аляксандр з Мёраў

Сярод дзяцей у намінацыі “Сола” найлепшымі былі:

  1. Мацкевіч Кіра (Варапаева)
  2. Бондар Вольга (Мёры)

У намінацыі “Інструментальная творчасць”

  1. Мазынская Кацярына (Наваполацк)
  2. Коц Мар’яна (Полацк)
  3. Дашкевіч Вераніка (Полацк)

У намінацыі “Гурт”:

  1. Дзеці з парафіі Святой Тройцы (Глыбокае)
  2. Дзеці з парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Браслаў)
  3. Дзеці з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса (Наваполацк)

Вялікі фотарэпартаж па спасылцы>>

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку